RFE/RL |
Пятніца, 19 Траўня 2000 |
Сёньня |
Нечаканая эвакуацыя зь Беларусі ўсяго складу амбасады Ізраіля ў зьвязку з быццам бы падвышаным радыяцыйным фонам вялікага перапалоху сярод дыпляматычнага корпусу не нарабіла. Тым ня менш, прадстаўнікі некаторых амбасадаў даволі сур’ёзна паставіліся да праблемы магчымага зьяўленьня ў атмасфэры падвышанай радыяцыі. Сёньня на працягу ўсяго дня тэлефоны амбасады Ізраіля ў Менску маўчалі. Толькі ў Ізраільскім культурна-інфармацыйным цэнтры заставаліся на сваіх месцах супрацоўнікі зь ліку грамадзянаў Беларусі. Яны й пацьвердзілі нашаму радыё інфармацыю пра тое, што амбасада Ізраіля закрытая з-за тэхнічных прычынаў і ўсе дыпляматы тэрмінова адкліканыя на радзіму. Супрацоўнікі культурнага цэнтру таксама паведамілі, што іх ізраільскія калегі выехалі быццам бы на нейкае мэдычнае асьведчаньне, дадаўшы пры гэтым, што падобных эвакуацыяў у мінулыя гады не было. Эвакуацыя, сапраўды, даволі дзіўная, бо, акрамя супрацоўнікаў амбасады, Беларусь тэрмінова пакінулі грамадзяне Ізраілю, настаўнікі гэбрайскае мовы й мэтадысты, што працуюць у 132-й менскай школе. Кіраўніцтва школы непасрэдна зьвязвае гэты ад’езд зь інфармацыяй пра быццам бы падвышаны ўзровень гама-выпраменьваньня. Сёньня ўраніцу таксама зьявілася інфармацыя пра тое, што сьледам за ізраільцянамі Беларусь зьбіраюцца пакінуць супрацоўнікі амбасады Японіі. Аднак у дыпляматычным прадстаўніцтве гэтае краіны ў Менску гэтую інфармацыю абверглі. Амбасада Японіі працуе ў звычайным рэжыме, аднак дыпляматы, натуральна ж, цікавяцца радыяцыйным станам. У звычайных рэжымах таксама працуюць амбасады Вялікабрытаніі,Францыі, Нямеччыны, Італіі ды іншых краінаў. Аднак прэсавыя службы амбасадаў гэтых дзяржаваў пацьвердзілі, што беларускія ўлады пастаянна іх інфармуюць пра стан радыяцыйнае бясьпекі, які цяпер у норме. А супрацоўнік расейскай амбасады навогул сказаў, што ўпершыню чуе пра падвышэньне радыяцыйнага фону і яго гэтая праблема ня надта хвалюе. Сур’ёзна ставяцца да праблемы радыяцыйнае бясьпекі ў амбасадзе Злучаных Штатаў Амэрыкі. Як паведамілі нашаму радыё ў прэсавай службе амбасады, іхныя экспэрты ўжо праводзілі кантрольныя замеры радыяцыйнага фону й прыйшлі да высновы, што ён застаецца ў норме. Тым ня менш, амэрыканскія спэцыялісты працягваюць адсочваць радыяцыйную сытуацыю ў Беларусі, а неўзабаве дзеля падобнага кантролю з Вашынгтону ў Менск прыедзе цэлая група тэхнічных экспэртаў. А вось што паведаміў нашаму радыё з нагоды ад’езду ізраільскіх дыпляматаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Мікалай Барысэвіч: (Барысевіч: ) “На бягучы момант усе дыпляматычныя супрацоўнікі ізраільскай амбасады знаходзяцца на плянавым мэдычным аглядзе. Усе тыя прычыны, якія выказваліся на працягу апошніх дзён наконт таго, што падвышаная доза гама-выпраменьваньня, яны не пацьвярджаюцца паводле інфармацыі, якую нашае міністэрства атрымала з Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу. А нейкіх іншых падставаў, якія б тычыліся двухбаковых адносінаў паміж дзьвюма краінамі не існуе”, – паведаміў спадар Барысэвіч. Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі амбасады Ізраіля вернуцца ў Менск празь некалькі дзён. Іншым жа амбасадам МЗС Беларусі пастаянна прадастаўляе інфармацыю пра зьмены радыяцыйнага фону ў краіне. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |