RFE/RL |
Пятніца, 19 Траўня 2000 |
Сёньня: |
(эфір 20 траўня) Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі. У сярэдзіне адыходзячага тыдня адбылося пашыранае паседжаньне Савету міністраў з удзелам галоўных кіраўнікоў выканаўчае “вэртыкалі”. Падводзіліся вынікі гаспадарчае дзейнасьці за 1 квартал. Чаму так позна – на двары ж ужо другая палова траўня? Магчыма, таму, што хваліцца няма чым. У першай частцы свайго дакладу міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў назваў лічбы нейкага росту, напрыклад, што валавы нутраны прадукт прырос аж на 6 адсоткаў, але ў параўнаньні не са сьнежнем, а зь леташнім першым кварталам. Каб параўнаньне было зроблена з пазалеташнімі дадзенымі, дык гэтак званы “прырост” быў бы яшчэ большым. Але тыя зьвесткі, якія міністар прывёў ў другой палове свайго дакладу, па-сутнасьці, зьвялі на нішто пачатковы патас. Сапраўды, у сельскай гаспадарцы назіраўся вялікі спад – амаль на 10 адсоткаў. Амаль да 40 адсоткаў павялічылася колькасьць стратных прадпрыемстваў з адначасовым рэзкім зьніжэньнем рэнтабельнасьці прамысловасьці. Узровень інфляцыі ўдвая перавысіў прагнозныя паказчыкі. Расьце аб’ём нерэалізаванае прадукцыі. Атрымліваецца, што вытворчасьць вядзецца на страту ды на склад. Ды й хто будзе купляць вырабленую прадукцыю, калі апошнім часам запазычанасьць у заробках дасягнула ажно 13 млрд. рублёў, у тым ліку 2 млрд. рублёў у прамысловасьці, чаго раней не было. Заклапочанасьць станам спраў у сфэры фінансаў гучала ў выступленьні міністра фінансаў Мікалая Корбута. Ён праінфармаваў урад, што даходы бюджэту ў першым квартале склалі толькі 17,5 адсоткаў гадавога пляну, ці амаль на 5 адсоткаў меней за мінулагодні паказчык. Недабор грошай у бюджэце дасягнуў 40 млрд. рублёў. Цікава, як можа такое быць, каб пры росьце вытворчасьці ў казьне не было грошай? Ды й такі паказчык, як скарачэньне аб’ёму перавозак, нельга патлумачыць нічым іншым, як толькі тым, што няма чаго вазіць. Няма чаканых вынікаў і ў вонкавым гандлі. Як бы ні вырас аб’ём, а адмоўнае сальда гандлёвага балянсу складае вялікую суму – 325,5 млн. даляраў. Гэтаму спрыяе вялікая розьніца валютных курсаў. Невыпадкова кіраўнік ураду Ўладзімер Ярмошын зьвярнуў увагу на тое, што трэба зьніжаць валютную курсавую розьніцу, бо яна робіць стратнай працу многіх вытворцаў-экспартэраў. Адмоўныя тэндэнцыі ў эканоміцы краіны, якія выявіліся ў першай чвэрці году, моцна ўплываюць на стан гаспадаркі й сёньня. Найперш у сфэры цэнаўтварэньня. Толькі цягам траўня двойчы даражэла паліва. Апошнім разам з 18 траўня на 10-12 адсоткаў падаражэў бэнзын і дызпаліва. Удвая вырасьлі кошты на праезд у гарадзкім транспарце. На 20 адсоткаў падвышаныя тарыфы на электрасувязь. І гэты пералік можна доўжыць. Куды ж ідзе эканоміка Беларусі? Куды заўгодна, толькі не да выйсьця з крызысу. Уладзімер Кулажанка, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |