RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 19 Траўня 2000

Сёньня:



Cпэцыялісты Інстытуту радыяцыйнае мэдыцыны Міністэрства аховы здароўя лічаць, што воблакі ад пажарышчаў не ўяўляюць радыяцыйнае небясьпекі для жыхароў краіны.

Ня першы раз у Беларусі складваецца пажаранебясьпечнае становішча. Але, бадай, упершыню гэтая сытуацыя суправаджаецца такімі супярэчлівымі меркаваньнямі. Чуткі пра тое, што дым ад пажарышчаў ледзь не ў 10 разоў перавышае дапушчальныя мэдыкамі радыяцыйныя нормы, імгненна распаўсюдзіліся па краіне.

Паніка, якая апошнімі днямі пануе сярод насельніцтва, абгрунтаваная: недалёка той час, калі ад савецкіх людзей хавалі інфармацыю пра радыяцыйную небясьпеку Чарнобылю. Асноўныя пытаньні, якія зараз хвалююць людзей, – як паводзіць сябе ў такой сытуацыі. Ці ёсьць сэнс зьяжджаць на выходныя з гораду на лецішча, у вёску, або лепш пераседзець пэўны час у сваіх кватэрах? Ці адпускаць дзяцей у школы й садкі? Нарэшце, ці трэба, так бы мовіць, “налягаць” на ежу з падвышаным утрыманьнем ёду?

Усе навучаныя, што асноўная доза апраменьваньня выпадае якраз на той момант, калі чалавек нават не ўяўляе сабе маштабы магчымае навалы. Ці ёсьць патрэба спрабаваць зьвесьці патэнцыйную небясьпеку апраменьваньня ў сувязі з апошнімі перасьцярогамі, я папрасіў адказаць намесьніка дырэктара ў навуковай рабоце Інстытута радыяцыйнае мэдыцыны Якава Кёнігзбэрга…

(Кёнігзбэрг: ) “Учора й сёньня ад жыхароў Беларусі паступае мноства тэлефаваньняў з просьбаю даць камэнтары з нагоды чутак пра аварыю на ЧАЭС. Як дзяржаўная асоба з ўсёй адказнасьцю заяўляю: аніякай аварыі на ЧАЭС не было. Усе чуткі базуюцца на паведамленьнях шэрагу СМІ й праграмы “Панарама” БТ: маўляў, сухое надвор’е і пажары на тарфяніках, у тым ліку і ў зонах забруджваньня, выклікаюць перанос радыяцыі і падвышэньне гама-фону.

На шчасьце, гэта толькі чуткі. Я зараз трымаю перад сабой дазімэтар: гама-фон складае 12 мікрарэнтгэнаў у гадзіну пры норме 20. Толькі што я размаўляў з галоўным лекарам Хойніцкага раёну. І там таксама абстаноўка нармальная, гама-фон не зьмяніўся. Жывіце спакойна й не давярайце чуткам”.

Гаварыў намесьнік дырэктара НДІ радыяцыйнае мэдыцыны Міністэрства аховы здароўя Якаў Кёнігзбэрг.

Гэтае меркаваньне падтрымалі й супрацоўнікі радыяцыйнае лябараторыі, што ў акадэмічным пасёлку Сосны. Паводле іх дасьледваньняў, рэальнае небясьпекі апраменьваньня няма. У Інстытуце радыяцыйнае біялёгіі спаслаліся на інфармацыю Рэспубліканскага Цэнтру радыяцыйнага кантролю й маніторынгу навакольнага асяродзьдзя. У распаўсюджанай сёньня спаваздачы профільным навукова-дасьледным інстытутам адзначаецца: “Усе апошнія тыдні радыяцыйная абстаноўка назіраецца як стабільная і перавышэньняў радыяцыйнага фону не адзначана.” Адпаведна, нейкіх спэцыяльных рэкамэндацый наконт таго, як паводзіць сябе ў выхадныя дні, не паступала.

Трэба спадзявацца, што пасьля чарнобыльскага прэцэдэнту навукоўцам няма сэнсу нешта ўтойваць ад людзей. Горкі досьвед паказвае, што наўмыснае маўчаньне нічым не адрозьніваецца ад злачынства.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org