RFE/RL |
Пятніца, 19 Траўня 2000 |
Сёньня: |
Афіцыйныя крыніцы працягваюць абвяргаць чуткі пра падвышэньне радыяцыйнага фону ў Менску. Тым часам, у розных рэгіёнах краіны палае некалькі соцень пажараў. Гараць многія лясы й тарфянікі на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях. Я зьвязалася з кіраўніком Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю й маніторынгу прыроднага асяродзьдзя Іванам Мацьвеенкам. Гэты цэнтар штодзённа робіць замеры ў 58 пунктах у Беларусі. Да таго ж, цэнтар атрымлівае інфармацыю паводле кантролю ўзроўню радыяцыі ў 100-кілямэтровых зонах вакол Ігналінскай, Смаленскай, Ровенскай і Чарнобыльскай станцыяў. Спадар Мацьвеенка паведаміў, што ніякай трывожнай інфармацыі цэнтар не атрымліваў. Паводле ягоных словаў, радыяцыйны фон у Менску сёньня нармальны. Паводле дадзеных на 9 гадзінаў раніцы, сёньня ён складаў 12 мікрарэнтгэнаў у гадзіну. Такі ж паказчык быў зафіксаваны зранку ўчора. Для параўнаньня спадар Мацьвеенка прывёў дадзеныя за мінулы месяц. 15 красавіка фон у Менску быў зафіксаваны на ўзроўні 11 мікрарэнтгэнаў. Яшчэ да чарнобыльскага выбуху былі зацьверджаныя нормы радыяцыйнага фону – яны складалі ад 4 да 20 мікрарэнтгэнаў у гадзіну. Учора Беларускае тэлебачаньне распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што нібыта на Чарнобыльскай атамнай станцыі адбылася аварыя. Спадар Мацьвеенка гэтую інфармацыю абверг. Ён заявіў, што адна турбіна Чарнобыльскай АЭС была пастаўленая на плянавы рамонт, таму вытворчасьць электраэнэргіі на станцыі на гэтым тыдні была скарочаная ўдвая. Гэта пацьвердзілі нашаму радыё і ў прэсавым цэнтры Чарнобыльскае станцыі. Там таксама сказалі, што ўзроўні радыяцыі вакол Чарнобылю знаходзяцца ў норме. Дарэчы, згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан мае намер у блізкім часе наведаць Кіеў. Гэта значыць, што амэрыканскі прэзыдэнт лічыць такую паездку для сябе бясьпечнай. На пытаньне пра тое, наколькі небясьпечнымі зьяўляюцца лясныя пажары на забружданых тэрыторыях, Іван Мацьвеенка распавёў, што ў 98-м годзе быў праведзены экспэрымэнт. На забруджаных тэрыторыях палілі дамы. І ў гэты ж час некалькі сотняў датчыкаў рабілі замеры. Зьмяненьні радыяцыйнага фону, якія складалі прыблізна 30-40 адсоткаў, былі зафіксаваныя толькі ў радыюсе 200 мэтраў ад эпіцэнтру пажару. Аналягічныя замеры рабіліся інстытутам лесу пад час лясных пажараў летась. Ганна Навумовіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |