RFE/RL |
Пятніца, 19 Траўня 2000 |
Сёньня |
Скандал на міжнародным артыстычным фэсьце “Менская Вясна”: гарадзкія ўлады забаранілі правядзеньне тэатральнага пэрфомансу й выніковае прэсавае канфэрэнцыі. Сёньня праграма другога дня міжнароднага артыстычнага фэсту “Менская Вясна”, зладжанага грамадзка-культурнымі незалежнымі творчымі аб’яднаньнямі Польшчы, Нямеччыны й Беларусі, мела распачацца адмысловым тэатральным пэрфомансам у сталічным тэатры “Дзе-Я”. Аднак напярэдадні стала вядома, што гарадзкія ўлады забаранілі творцам ладзіць гэтую мастацкую акцыю. Больш таго, яны наклалі табу й на выніковую прэсавую канфэрэнцыю, правядзеньне якое плянавалася арганізатарамі фэсту заўтра таксама ў муніцыпальным тэатры “Дзея-Я”. Каб высьветліць прычыны ці матывы забароны, я патэлефанавала ва ўпраўленьне культуры Менгарвыканкаму. І вось што пачула ў адказ на мае пытаньні ад намесьніка начальніка аддзелу Анатоля Сабітава… (Сабітаў: ) “Забаронены… Хто вам гэта сказаў?” (Карэспандэнтка: ) “Гэта ўчора прагучала на прэсавай канфэрэнцыі”. (Сабітаў: ) “Ну дык дурняў хапае ў нас у горадзе. Дык што, кожнага слухаць”. (Карэспандэнтка: ) “Скажыце, а выніковая прэсавая канфэрэнцыя…?” (Сабітаў: ) “Ня ведаю, я не займаўся гэтым мерапрыемствам. Дырэктар тэатру займаецца, хай разьбіраецца ў сябе”. (Карэспандэнтка: ) “А пэрформанс, які сёньня там меўся быць?” (Сабітаў: ) “У нас больш важныя мерапрыемствы, чым гэтая лякальная вясна. Унас наперадзе 24-га і акцыі 2000-годзьдзя хрысьціянства. Вы ведаеце аб гэтым”. (Карэспандэнтка: ) “Адно аднаму не перашкаджае”. (Сабітаў: ) “Вось мы і не “перешкаджаем”…” (Карэспандэнтка: ) “Дык перфоманс будзе ці не?” (Сабітаў: ) “Не зна-ю!!” (Карэспандэнтка: ) “А хто можа ведаць?” (Сабітаў: ) “Арганізатары”. Гэта быў намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Анатоль Сабітаў. Арганізатары фэсту сёньня яшчэ раз пацьвердзілі факт забароны й пэрфомансу, і заўтрашняе прэсавае канфэрэнцыі. На спробы высьветліць прычыны, арганізатарам было сказана, што пэрфоманс, маўляў, ладзіца на адкрытай пляцоўцы ля тэатру, а таму на ягонае правядзеньне патрэбны дазвол гарадзкіх уладаў як на вулічную акцыю. Гэткім чынам, мастацкая імпрэза прыраўняная да мітынгу, шэсьця або пікету. Тлумачэньне ж адносна забароны прэсавае канфэрэнцыі ў памяшканьні тэатру “Дзе-Я” – нібыта нямэтавае выкарыстаньне тэатральнае залі. Усе гэтыя тлумачэньні перададзеныя праз дырэктара тэатру “Дзе-Я”. Тым ня менш і пэрфоманс, і прэсавую канфэрэнцыю арганізатары фэсту маюць намер правесьці, не афішуючы, аднак, дзе і як. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |