RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 18 Траўня 2000

Сёньня:



Ураніцу на вайсковым лецішчы ў Мачулішчах прызямліўся самалёт Міністэрства нутраных справаў Расеі. Дэлегацыя сілавікоў пад кіраўніцтвам генэрал-палкоўніка Ўладзімера Рушайлы прыбыла для ўдзелу ў аб’яднанай калегіі міністэрстваў нутраных справаў Беларусі й Расеі.

Супольная калегія расейскіх і беларускіх сілавікоў – ужо шостая па ліку й традыцыйна дэкляратыўная. Пад час яе неаднаразова падкрэсьлівалася, што ва ўмовах адкрытых межаў і актывізацыі крымінальных структураў патрабуецца больш актыўнае супрацоўніцтва ў праваахоўнай сфэры. Пра гэта казалі й мінулым разам.

Адзінае, што сапраўды выбівалася, дык гэта надзвычайныя захады бясьпекі пад час перамоваў ва ўрадавай рэзыдэнцыі “Заслаў’е-2”. Выконаўца абавязкаў міністра нутраных справаў Беларусі Міхал Удовікаў нечакана паведаміў, што гэта адэкватнае рэагаваньне на заяву прэзыдэнта Чачні Аслана Масхадава наконт шыракамаштабных ваенных дзеяньняў у расейскім тыле. Удовікаў не ўдакладніў, зь якога часу ў вышэйшых эшалёнах Беларусь успрымаецца як расейскі тыл.

Насуперак перасьцярогам калегі, Рушайла сказаў, што анічога ня ведае пра магчымасьць тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі. Нядаўні выпадак, калі ў непасрэднай блізіні ад традыцыйнага маршруту лукашэнкавага картэжу адбыўся выбух легкавога аўтамабіля, пакуль што расцэньваецца як выпадковасьць. Рушайла падкрэсьліў, што падставаў да непакою няма.

Між іншым пытаньні, якія разглядаліся за зачыненымі дзьвярыма, тычыліся якраз незаконнага абароту зброі, баяпрыпасаў і выбуховых рэчываў. Дастаткова сказаць, што інтэграцыя ў крымінальнай сфэры адбываецца куды хутчэй, чым здаецца чыноўнікам пад час выступаў з высокіх трыбунаў.

За мінулы год колькасьць расейска-беларускіх крымінальных груповак дасягнула рэкорднае лічбы: 404 крымінальныя справы былі заведзеныя ў Беларусі й 300 – у Расеі. Вынікам несуцяшальнае статыстыкі стаў намер выдаць супольны загад аб стварэньні й дзейнасьці агульных рабочых групаў у раскрыцьці міжрэгіянальных злачынстваў.

Нягледзячы на сур’ёзнасьць акцыі, яшчэ задоўга да заканчэньня візыту Ўладзімер Рушайла зазначыў, што ў Менску ў яго быў добры настрой. І гэтаму спрыяла важкая прычына: ужо пад час паседжаньня Рушайла даведаўся, што прэзыдэнт Пуцін падпісаў загад аб ягоным прызначэньні на пасаду міністра. Ня выключана, што пад канец дня гэтым зможа пахваліцца й генэрал-маёр Міхал Удовікаў.

Пасьля падпісаньня чарговага стосу дакумэнтаў картэж накіраваўся да адміністрацыі Лукашэнкі. Супрацоўнікі беларускага міністэрства ня бачаць прычынаў, каб Лукашэнка не пераняў прыклад Пуціна.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org