RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 18 Траўня 2000

Сёньня:



На рабочай нарадзе Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў былі вызначаныя чатыры партыі, прадстаўнікі якіх будуць удзельнічацьу магчымых перамовах з Уладзімерам Русакевічам – першым заступнікам кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Уладзімер Русакевіч лічыць, што, калі ён будзе сустракацца з прадстаўнікамі адразу дзевяцёх партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду, дык канструктыўнае размовы не атрымаецца. Маўляў, пры яўнай колькаснай перавазе аднаго боку будзе псыхалягічны дыскамфорт, немагчыма будзе знайсьці кансэнсус. Таму праз свайго прадстаўніка – дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканапраектных ініцыятываў пры прэзыдэнце Ігара Андрэева – спадар Русакевіч прапанаваў абмежаваць колькасьць удзельнікаў кансультацыяў з боку апазыцыі чатырма асобамі.

Сёньня на адмысловае рабочае нарадзе лідэры апазыцыі разгледзелі гэтую прапанову. На іхны погляд, у нечым пазыцыя Русакевіча зразумелая, але ж, з другога боку, цяжка адабраць чатыры зь дзевяцёх партыяў, каб кагосьці не пакрыўдзіць. Таму й пачаліся дэбаты, у якіх асаблівую актыўнасьць выявілі Станіслаў Шушкевіч і Юры Хадыка. Апошні, дарэчы, тры дні таму сустракаўся зь Ігарам Андрэевым.

Дыскусія скончылася наступным рашэньнем. Лідэры апазыцыі жадаюць бачыць такі фармат перамоваў з Русакевічам – чатыры прадстаўнікі апазыцыі непасрэдна ўдзельнічаюць у размовах, іншыя пяць плюс два экспэрты назіраюць за ходам перамоваў, а ў перапынках яны могуць даць парады свайму боку. Такі варыянт задаволіў усю Кансультацыйную раду.

Агульнай згодаю пагадзіліся, што непасрэдна ў перамовах будуць прадстаўленыя Партыя БНФ, якую ўзначальвае Вінцук Вячорка, Беларуская партыя працы, Сацыял-дэмакратычная партыя “Народная Грамада” й Лібэральна-дэмакратычная партыя.

Першыя дзьве, дарэчы, адразу назвалі імёны сваіх прадстаўнікоў – Віктара Івашкевіча й Анатоля Бухвостава. Дзьве іншыя заявілі Аляксея Караля й Сяргея Гайдукевіча, але папярэдзілі, што магчымыя і замены. Што тычыцца экспэртаў, дык тут выбар спынілі на Міхалу Пліску і Юрыю Хадыку.

Лідэры апазыцыі не пагадзіліся з прапановаю Русакевіча, каб сустрэчы праходзілі ў будынку на вуліцы Кастрычніцкай, 5. Гэты дом, хаця й носіць цяпер афіцыйна нэйтральны назоў – “Рэспубліканскі інфармацыйна-культурны цэнтар”, на самой справе зьвязаны з уладнымі структурамі.

Таму апазыцыя прапануе праводзіць сустрэчы па чарзе: адную на Кастрычніцкай, другую – у іншым месцы. Кансультацыйная рада падрыхтавала сьпіс такіх заляў, які пачынаецца з Дому літаратараў.

Усе свае прапановы апазыцыйныя лідэры паведамяць праз заступніка кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Мішэля Рывальле ўрадаваму боку. А ў суботу, 20 траўня, Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў зьбярэцца на сваё чарговае паседжаньне.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org