RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 18 Траўня 2000

Сёньня



35 тарфяных пажараў зарэгістравана на тэрыторыі Гомельскай вобласьці. У тушэньні іх бяруць ўдзел амаль 100 адзінак спэцыяльнай і прыстасаванай тэхнікі і звыш за 300 чалавек – пажарных, рабочых прадпрыемстваў, вяскоўцаў. Найбольшая колькасьць ачаговых пажараў назіраецца зараз у Жыткавіцкім раёне.

Самы буйны зь іх – на палях здабычы сыравіны торфабрыкетнага заводу “Жыткавіцкі”. Агнём і дымам тут ахоплена 130 гектараў тарфянікаў і 23 штабелёў нарыхтаванай сыравіны, ў якіх знаходзіцца прыкладна 35 тысяч тон торфу, прызначанага для выпуску брыкету. Дырэктар заводу Міхаіл Малочка распавядае:

(Малочка: ) “Згарэла тое, што мы здабылі ў гэтым годзе да 11 травеня, усё згарэла і згарэла таксама частка здабытага торфу ў леташнім сезоне”.

Страты падлічыць пакуль цяжка – агонь яшчэ не пераможаны. На шчасьце, чалавечых ахвяраў няма, але многія рабочыя прадпрыемства і самі кіраўнікі перажываюць цяжкі эмацыйны стрэс – яны не змаглі абараніць сваю сыравінную зону ад пажару. Палаючы торф перакінуты быў сюды шквальным ветрам з суседняга Салігорскага раёну. Малюнак жахлівы – чорны тарфяны пыл успыхваў нават у паветры, ад вагню не ўдалося ўратаваць пажарную машыну, экскаватар і два краны.

Ачаговыя пажары на тарфяніках дымяць таксама ў калгасах “Кастрычнік”, “3-ці Інтарнацыянал”, саўгасах “Жыткавіцкі” і “Ленінскі”. У апошняй гаспадарцы згарэла нават каля паўгектара бульбы, пасаджанай на тарфяніку паблізу вёскі Грычынавічы асабіста дырэктаркай саўгасу Верай Раеўскай. Дасьведчаныя людзі не выключаюць і наўмыснага падпалу, бо шмат у каго з шараговых вяскоўцаў участкі пад прыватныя соткі не былі адмераныя своеасова.

Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org