RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 18 Траўня 2000

Сёньня:



У Менску праходзіць сэсія Парлямэнцкага сходу Хаўрусу Беларусі й Расеі. У сваім выступе Аляксандар Лукашэнка скардзіўся дэпутатам на выканаўчую ўладу Расеі і заявіў, што некаторыя тэндэнцыі апошніх шасьці месяцаў яго насьцярожваюць.

Выкананьнем трох дзяржаўных гімнаў – Расеі, Беларусі й Савецкага Саюзу – адкрылася 15 сэсія Парлямэнцкага сходу Хаўрусу Беларусі й Расеі. У гэты ворган, утвораны ў 1996 годзе, цяпер уваходзяць 72 дэпутаты – па 36 ад кожнае краіны хаўрусу. Тая акалічнасьць, што рашэньні Сходу ня маюць аніякае заканадаўчае сілы й носяць толькі дарадчы характар, не замінае беларускім і расейскім дэпутатам сустракацца з трывалай пэрыядычнасьцю.

Падставовым пунктам сёньняшняга парадку дня ёсьць прыняцьцё агульнага бюджэту хаўрусу. Паказальна, што шматпакутны бюджэт прымаецца ў траўні, фактычна ў сярэдзіне году. Літаральна да апошніх дзён расейскі ўрад зацягваў зацьверджаньне лічбаў выдаткаў. Пазыцыя расейскае выканаўчае ўлады й стала адной з асноўных тэмаў выступу Аляксандра Лукашэнкі.

«У вапошні час у Расеі зьявіліся некаторыя тэндэнцыі, якія насьцярожваюць. Я баюся, ці не зьяўляецца гэта адыходам ад таго, што мы рабілі разам пяць гадоў», – адзначыў кіраўнік Беларусі.

Зрэшты, тэма гэтая для Аляксандра Лукашэнкі дастаткова традыцыйная. Іншая справа, што калі раней, у эпоху Ельцына, кіраўнік Беларусі крытыкаваў расейскіх чыноўнікаў рэзка й агрэсіўна, то цяпер тон і зьмест ягоных выказваньняў больш нагадвалі адчайныя скаргі пакрыўджанага чалавека.

Сьпіс прэтэнзіяў да Расеі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі выглядаў даволі ўнушальна. Па-першае, гэта – адзіная дзяржава СНД, якая не жадае выконваць дамову пра зону вольнага гандлю. Па-другое, і гэта, бадай, самае галоўнае, Расея, паводле Лукашэнкі, за апошнія паўгады амаль аднавіла мытную мяжу паміж дзьвюма краінамі хаўруса. «Навошта вы гэта зрабілі? Чаму вы гэта зрабілі ў парушэньне нашае мытнае дамовы?», – з болям у голасе пытаўся ў аўдыторыі Лукашэнка. «Нельга гэтак дзейнічаць», – заявіў ён і паведаміў, што зараз у Беларусі й Расеі існуе звыш 200 разыходжаньняў у справе мытаў.

Расея таксама зьяўляецца асноўнай прычынаю праблемаў беларускай эканомікі, паколькі прадае беларусам энэрганосьбіты ў два-тры разы даражэй, чым уласным спажыўцам. Паказальна, аднак, што, выставіўшы столькі прэтэнзіяў Маскве, Лукашэнка аніводнага разу не ўзгадаў крытычным словам прэзыдэнта Расеі Пуціна.

Зразумела, аднак, што ў сваім амаль 1,5-гадзінным выступе Аляксандар Лукашэнка не абмежаваўся праблемамі стасункаў з Расеяй. Ён зноў заявіў, што парлямэнцкія выбары будуць праводзіцца толькі паводле мажарытарнае сыстэмы й выказаў пажаданьне, каб у новага парлямэнту з прэзыдэнтам заставаліся такія ж самыя дачыненьні, як і зараз. Ён зноў заявіў, што гэтак званае «пытаньне парушэньня правоў чалавека ў Беларусі» надуманае і разьдзьмутае. «Няма ў нас гэтых парушэньняў», – заявіў ён.

Традыцыйная порцыя крытыкі была скіраваная на адрэсу Захаду, а менавіта, Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў зьвязку з прынятай там вядомай рэзалюцыяй у справе Беларусі. Лукашэнка назваў рэзалюцыю правакацыйнай і заснаванай на выдумках. Дарэчы, Парлямэнцкі сход мяркуе прыняць заяву, якая асуджае з гэтае нагоды амэрыканскі Кангрэс.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org