RFE/RL |
Серада, 17 Траўня 2000 |
Сёньня |
Учора ў Вашынгтоне адбылося паседжаньне “круглага стала”, зарганізаванага кангрэсмэнам Сэмам Гейдэнсанам, які выступіў ініцыятарам раней прынятай рэзалюцыі ў справе Беларусі. Мэтай “круглага стала” было прыцягненье увагі шырокіх амэрыканскіх колаў да праблемаў Беларусі. У дыскусіі за круглым сталом, прысьвечанай цяперашняй палітычынай сытуацыі ў Беларусі, узялі ўдзел больш за сорак чалавек – сэнатары, кангрэсмэны, прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта, няўрадавых арганізацыяў і праваабарончых групаў. Нагадайма, што арганізатар дыскусіі – вядомы амэрыканскі палітык Сэм Гейдэнсан, бацька якога нарадзіўся й вырас у Беларусі – галоўны прадстаўнік дэмакратычнай партыі ў камітэце міжнародных справаў Палаты Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Цягам дзьвюх гадзінаў удзельнікі круглага стала закранулі шэраг розных тэмаў. Сярод іх: - падтрымка палітычных партыяў, прафсаюзаў і незалежных мэдыяў у Беларусі; - рост занепакоенасьці з нагоды беларуска-расейкай
- дзейснасьць амэрыканскай дапамогі; - магчымыя захады ў аднаўленьні дэмакратыі ды правядзеньні свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі; - пярэчаньні наконт маючай адбыцца ў чэрвені сустрэчы Клінтана з Пуціным; - неабходнасьць шматбаковага супрацоўніцтва з памежнымі зь Беларусьсю краінамі – Польшчай, Літвой, Украінай і Расеяй. Падсумоўваючы вынікі дзьвюхгадзіннай дыскусіі, дэмакрат Сэм Гейдэнсан падзякаваў усім яе ўдзельнікам, сярод якіх былі прадстаўнікі як дэмакратычнай, гэтак і рэспубліканскай партыяў. “Вашая прысутнасьць сталася моцным сьведчаньнем салідарнасьці з апазыцыяй і сыгналам для Лукашэнкі, што Злучаныя Штаты Амэрыкі ня могуць цярпець грубых парушэньняў ягоным рэжымам дэмакратыі й правоў чалавека ў Беларусі”, – сказаў кангрэсмэн. Паводле ягоных словаў, зыходзячы з уласнага досьведу усіх ўдзельнікаў дыскусіі, можна больш эфэктыўна акрэсьліць агульную стратэгію вяртаньня Беларусі на дэмакратычны шлях. Сэм Гейдэнсан асобна падкрэсьліў неабходнасьць супрацоўніцтва адміністрацыі ЗША з краінамі, якія мяжуюць зь Беларусьсю, дзеля аднаўленьня дэмакратыі й павагі да правоў чалавека, у інтарэсах беларускага народу. У сувязі з закранутай у часе круглага стала тэмай амэрыканскае дапамогі
польскаму руху “Салідарнасьць” у 1980-м годзе, кангрэсмэн зазначыў, што
ЗША адыгралі тады ключавую ролю ў пасьпяховым станаўленьні гэтага дэмакратычнага
руху.
Дарэчы, гэта першы круглы стол у цэлай сэрыі падобных дыскусіяў, якую мае намер правесьці канрэсмэн Сэм Гейдэнсан. І ўсе яны прысьвечаныя тэме вяртаньня Беларусі на шлях дэмакратыі. Віталь Тарас
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |