RFE/RL |
Серада, 17 Траўня 2000 |
Сёньня: |
Гэтак званая “Палата прадстаўнікоў” адзінагалосна ўхваліла заяву ў зьвязку з прыняцьцем Палатаю прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША рэзалюцыі ў пытаньні Беларусі № 304 ад 3 траўня 2000 году. Тэкст заявы падрыхтавала камісія міжнародных справаў і сувязяў з СНД. Ейны старшыня Аляксандар Козыр падкрэсьліў, што заява ўяўляе сабой адлюстраваньне рэзалюцыі Кангрэсу ЗША – на кожную тэзу амэрыканскіх парлямэнтарыяў прапануецца свая антытэза. Маўляў, і рэфэрэндум быў законны, і палітвязьняў у Беларусі няма, і Вярхоўны Савет распушчаны законна… Рэзалютыўная частка заявы невялікая: “Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь заяўляе, што разглядае прыняцьце Палатаю прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША рэзалюцыі № 304 ня йнакш як умяшаньне ў нутраныя справы Рэспублікі Беларусь і патрабуе ад адміністрацыі Клінтана й Кангрэсу ЗША спыніць палітычны, эканамічны й маральны ціск на Рэспубліку Беларусь”. Мімаходзь дэпутаты гэтак званае “Падаты прадстаўнікоў” асуджаюць “імкненьне ЗША да сусьветнага гегеманізму й навязваньня палітычнае волі іншым дзяржавам”, і раяць амэрыканцам “забясьпечваць дэмакратыю ва ўласнай краіне”. Прагучала й простае абвінавачваньне ЗША ў тым, што гэтая краіна нібыта “падтрымлівае ў Рэспубліцы Беларусь дзейнасьць дэструктыўных сілаў”. Галасаваньне было адзінагалосным, аніякай альтэрнатыўнае думкі на гэты конт не прагучала. Толькі Аляксандар Сьвірыд прапанаваў запрасіць распрацоўшчыкаў рэзалюцыці Кангрэсу ў Беларусь, а Георгі Ўронскі заклікаў выключыць абзац пра “агрэсіўны характар блёку NATO”. Але галоўны патас сяброў гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” быў скіраваны ня столькі супраць ЗША, колькі супраць уласна беларускай апазыцыі. Анатоль Малафееў нават заявіў, што рэзалюцыя Кангрэсу ад 3 траўня рыхтавалася не ў Вашынгтоне, а ў апазыцыйных колах у Менску і ён нібыта нават ведае яе сапраўдных аўтараў. Але прозьвішчаў Малафееў чамусьці не назваў. Прынятую заяву камэнтуе дэпутат Руслан Ігнацішчаў: “Што значыць “парушаюцца правы чалавека”? Ёсьць дысцыпліна, самае большае парушэньне правоў чалавека – калі ты меншы заробак маеш. Хіба ў Амэрыцы ня любяць дысцыпліны? Працаваць трэба”. Гэта быў Руслан Ігнацішчаў. Ягоны калега Пятро Жушма выказаўся больш разважліва: (Жушма: ) “Размова йдзе пра сытуацыю ў Беларусі, інфармацыя пра якую Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу прадстаўленая вуснамі прадстаўнікоў нашай апазыцыі, якія былі ў Амэрыцы – Шушкевічам, Гразновай, Лябедзькам. Канешне, у нас шмат праблемаў. Напэўна, можна тут казаць і пра правы чалавека, пра тое, што мы мусім навучыцца рэалізоўваць канстытуцыйнае права на шэсьці й мітынгі, на выказваньне сваіх перакананьняў. Але як да гэтага йсьці? Калі людзі, тут у Беларусі, ад якіх усё залежыць, ад гэтага народа (а я ведаю беларускі народ), калі яго давядуць да апошняга, ён сам вырашыць свае праблемы з уладаю, лідэрам і гэтак далей. Пакуль гэтага няма”. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |