RFE/RL |
Серада, 17 Траўня 2000 |
Сёньня |
З наступнага паўгоду рэзка падвысяцца кошты на газэты й часопісы. Улады тлумачаць гэта высокім узроўнем інфляцыі і ростам выдаткаў на паперу ды паліграфічныя паслугі, а кіраўнікі недзяржаўных СМІ бачаць у гэтым чарговы наступ на незалежную прэсу. Днямі на Нясьвіжчыне я хацела падпісаць сваяком іхную любімую газэту – “Народную Волю”. Аднак зрабіць гэтага не змагла, бо ў вясковае паштаркі не аказалася з сабою каталёгу. У адмыслова зробленым сьпісе выданьняў, якія яна прапануе сваім падпісчыкам, значацца толькі дзяржаўныя. Яны таньнейшыя за незалежныя, патлумачыла дзяўчына, таму яна нават і не выпісвала з каталёгу дадзеныя ані “Народнае Волі”, ані іншых незалежных СМІ. “У мяне іх усё роўна ніхто не выпіша па такіх коштах”. Кошты на наступныя паўгады на незалежныя сродкі масавае інфармацыі, і сапраўды, недаступныя сёньняшнім вяскоўцам, бальшыню якіх складаюць пэнсіянэры. Самая танная зь іх “Белорусская газета” на паўгоды каштуе 3.852 дэнамінаваныя рублі. Папулярная ў народзе “Народная Воля” роўная па кошту амаль месячнай калгаснай пэнсіі – 9.000 рублёў. Зрэшты, ня толькі пэнсіянэры пазбавіліся мажлівасьці чытаць незалежныя выданьні, але й сотні тысячаў настаўнікаў, лекараў, усіх тых, каго па традыцыі мы называем народнай інтэлігенцыяй. Іхныя заробкі не нашмат большыя за паўгадавы кошт падпіскі, да прыкладу, на “Белорусскую деловую газету”, якая зараз складае амаль 10,5 тысячаў дэнамінаваных рублёў. Пакаранымі апынуліся й шматтысячныя беларускія спартовыя заўзятары, якія ёсьць прыхільнікамі незалежнае спартовае газэты “Прессбол”. Ейная падпіска падвысілася да 13.536 дэнамінаваных рублёў. А гэта – ані многа ані мала, а дзьве студэнцкія стыпэндыі, прычым падвышаныя. Заўзятары ж – гэта, вядома, найперш моладзь, і ў значнае частцы – студэнцкая. На дзяржаўныя выданьні кошты таксама падвысіліся, але ня гэтак рэзка. Скажам, “Літаратура і мастацтва” з 1.800 рублёў за першыя паўгады да 2.400 за другое. Такія ж суадносіны ў газэты “Культура”. Тоўстыя літаратурна-мастацкія выданьні, паводле словаў галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” Сяргея Законьнікава, працуючы сабе на страту, спрабуюць захаваць чытача нязьменным коштам. Адзін нумар “Полымя” як каштаваў 450 рублёў у першым паўгодзьдзі, гэтак і будзе ў другім. І гэта пры тым, што сабекошт выданьня ў два разы вышэйшы. Што ж тычна афіцыйных дзяржаўных газэтаў, то нават пры падвышаных коштах яны застаюцца ў два, тры, а то й чатыры разы таньнейшыя за, да прыкладу, “Народную Волю”. Да такіх належаць “Звязда”, “Рэспубліка”, “Народная газета” і “Советская Белоруссия”. Чым патлумачыць, што пры аднолькавай пэрыядычнасьці аб’ёме розьніца ў кошце паміж “Народнаю Воляю” і “Советской Белоруссией” складае больш за 6.000 дэнамінаваных рублёў? Вось як адказвае на гэтае пытаньне галоўны рэдактар “Народнае Волі” Іосіф Сярэдзіч… (Сярэдзіч: ) “Улады ўжо спрабавалі рознымі шляхамі пазбавіць грамадзтва дэмакратычнай прэсы. Гэта і высылка нас у эміграцыю, гэта і пазбаўленьне паштовых паслугаў, гэта і недазвол распаўсюджвацца праз кіёскі. Здаецца сёньня, калі ўжо ўся Эўропа, усё сусьветнае грамадзтва зьвярнула ўвагу на Беларусь, дзейнічаць такімі прымітыўнымі мэтадамі ўлады баяцца. І вось знайшлі больш цынічны шлях – давесьці да такога стану, каб людзі не маглі падпісацца ці купіць. Сродкі бяруцца з дзяржбюджэту і накіроўваюцца на падтрымку тых жа прапрэзыдэнцкіх газэтаў у той час, як вядома, што такой магчымасьці ў недзяржаўнага друку няма. Мэта адна – эканамічнымі сродкамі задушыць недзяржаўную прэсу”, – лічыць галоўны рэдактар газэты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч. Падпіска на ўсе беларускія СМІ на другое паўгодзьдзе завершыцца 5 чэрвеня. Тады й стане вядома, як адаб’ецца цэнавая палітыка дзяржавы на накладах незалежных выданьняў. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |