RFE/RL |
Аўторак, 16 Траўня 2000 |
Сёньня |
У гарадзкім судзе Менску працягваўся разгляд крымінальнае справы лідэра сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча й дэпутата Вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі дзеяньняў, якія спрычыніліся да масавых беспарадкаў 17 кастрычніка. Сёньня старшыня судовага паседжаньня Ігар Крот пачаў чарговае паседжаньне з апытаньня падпалкоўніка брыгады спэцназу Ігара Савасьцюка з вайсковае часткі № 3312, які аддаваў загады падначаленым пад час разгону дэманстрацыі на вуліцы Першамайскай. Падпалкоўнік у адказах увесь час спасылаўся на сваё кіраўніцтва й на тое, што сам ён не даваў загаду зьбіваць людзей. Паведаміць прозьвішчы асобаў з гэтага кіраўніцтва Савасьцюк адмовіўся, спасылаючыся на службовую таямніцу. Раней ніхто з вайскоўцаў не казаў у судзе пра тое, што дэманстранты былі ў нецьвярозым стане. Але падпалкоўнік Савасьцюк настойваў на гэтым і ў інтэрвію для “Радыё Свабода”: (Савасьцюк: ) “Пры падыходзе калёны да вайскавога ланцужка было відаць, што наперадзе гэтых грамадзянаў былі ў асноўным маладыя людзі ў нецьвярозым стане, і некаторыя зь іх, якія асабліва блізка падыходзілі да вайскоўцаў, адчувалі сябе незразумела як, але менавіта дзеяньнем алкаголю гэта не было, бо не было паху алкаголю. У мяне асабіста склалося ўражаньне, што яны былі пад узьдзеяньнем нейкіх іншых сродкаў, магчыма, наркатычных”. На пытаньне “Чаму вайскоўцы пачалі хапаць людзей?” падпалкоўнік даў такі адказ: (Савасьцюк: ) “Калі, напрыклад, быў дазволены мітынг на плошчы Бангалёр, якое права мелі законапаслухмяныя грамадзяне, якія змагаюцца за дэмакратыю і парадак, парушаць закон? Я лічу, што ў нас цалкам канстытуцыйная дзяржава, таму што кіраўніцтва нашай дзяржавы працуе так, каб яна выконвалася”. Кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, які быў сёньня апытаны ў якасьці сьведкі, настойваў на тым, што менавіта дзеяньні вайскоўцаў падштурхнулі людзей да кіданьня камянёў. Судзьдзя задаволіў хадайніцтва абароны й зачытаў ліст лейтэнанта міліцыі Алега Батурына пра дзеяньні “сілавікоў” 17 кастрычніка, які быў надрукаваны ў “Народнай Волі”. Старшыня “Народнае Грамады” Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў сёньняшняе паседжаньне: (Статкевіч: ) “Безумоўна, спадар Савасьцюк спрабаваў усяляк абяліць дзеяньні сваіх падначаленых і свае асабістыя, але, па-сутнасьці, быў выкрыты, найперш відэазапісам. Я зноў хачу падзякваць НТВ, ОРТ, РТР, што здымалі пад час гэтых падзеяў, бо зараз вельмі проста. Абарона заявіла хадайніцтва, уключылі відэа і папрасілі падпалкоўніка паказаць, дзе тут камяні, дзе кідаюць, момант захопу, і што робяць яго падначаленыя з тымі, каго захапілі. Пасьля гэтага адразу высьветлілася, што групы захопу былі і не яго падначаленыя, і ён імі не кіраваў”, – паведаміў Мікола Статкевіч. Наступнае паседжаньне ў крымінальнай справе Валерыя Шчукіна й Міколы Статкевіча прызначанае на заўтра. Любоў Лунёва, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |