RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 16 Траўня 2000

Сёньня:



З аднадзённым рабочым візытам Менск наведаў прэм’ер-міністар Украіны Віктар Юшчанка. Ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ер-міністрам Беларусі Ўладзімерам Ярмошыным. Галоўнымі тэмамі абмеркаваньня былі гандлёва-эканамічныя стасункі, якія перажываюць пэрыяд крызысу. Візыт папярэднічае прыезду ў Беларусь прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, што прымеркаваны на канец траўня.

Віктар Юшчанка і Ўладзімер Ярмошын прызналі, што справы ва ўзаемным гандлі й эканамічным супрацоўніцтве йдуць блага, і дамовіліся, што вінаватых у гэтым шукаць ня будуць, а паспрабуюць мінімізаваць і скасаваць тыя істотныя перашкоды, якія прывялі да двухразовага зьніжэньня ўзаемнага гандлю.

У 97 годзе ўзаемны таваразварот Украіны й Беларусі складаў 1,5 мільярда даляраў, а летась – толькі 700 мільёнаў. Як паведамляе беларускі МЗС, сёлета адзначаецца невялікі рост.

Гаворыць прэмьер-міністар Украіны Віктар Юшчанка:

“Ад самага пачатку мы ставілі за мэту мадэрнізаваць адпаведна з даручэньнямі кіраўнікоў дзьвюх краінаў нашыя гандлёва-эканамічныя стасункі. Акцэнты былі зробленыя на ўрэгуляваньні гандлёвага складніка, урэгуляваньня мытных, таварных ды іншых абмежаваньняў, сыстэмы разьлікаў, скарыстаньня валютаў. Патрабуе ўрэгуляваньня й праблема транзыту”, – зазначыў на выніковым брыфінгу ўкраінскі прэм’ер-міністар Юшчанка.

Гаварыць пра застарэлыя праблемы ўкраінскага доўгу Беларусі й прамаруджваньня беларускага боку ў справе ратыфікацыі дамовы аб узаемных межах прэм’еры адмовіліся, паколькі аніякіх дамоўленасьцяў на гэты конт дасягнута не было. Магчыма, гэтую праблему пакінулі на сустрэчу Лукашэнкі й Кучмы, што адбудзецца ў канцы траўня ў Берасьці.

Па вялікаму рахунку візыт украінскага прэм’ера быў у большай ступені дзяжурным, чым выніковым. Былі падпісаныя два нязначныя пагадненьні пра супрацоўніцтва ў галіне статыстыкі ды атэстацыі навуковых і пэдагагічных кадраў. Цікавай была хіба толькі папярэдняя дамоўленасьць двух прэм’ераў, якія вырашылі, што трэба аднавіць эфэктыўнае выкарыстаньне 9-га эўрапейскага транспартнага калідору ад Скандынавіі да Чорнага мора, які пралягае празь Беларусь і Ўкраіну. Прэм’еры даручылі пачаць падрыхтоўку працы ў справе мадэрнізацыі гэтага калідору.

Акрамя таго, украінскі прэм’ер агледзеў месца, дзе сёлета на Дзень незалежнасьці Ўкраіны недалёка ад амбасады гэтае дзяржавы ў Менску будзе ўстаноўлены помнік Тарасу Шаўчэнку.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org