RFE/RL |
Аўторак, 16 Траўня 2000 |
Сёньня |
(эфір 14 траўня) Сёньня спаўняецца пяць гадоў з дня правядзеньня першага лукашэнкаўскага рэфэрэндуму, які зьмяніў дзяржаўныя сымбалі краіны і панізіў статус і месца ў дзяржаве беларускае мовы. Афіцыйна гэты дзень адзначаецца як сьвята дзяржаўнага герба і сьцяга, апазыцыя ж сёньня наладзіла сваю акцыю ў абарону гістарычных сымбаляў і мовы. Каля тысячы чалавек прынялі ўдзел у народных гуляньнях пад лёзунгам “Родная мова, сымбалі Бацькаўшчыны – вечныя”, што адбыліся на Кастрычніцкай плошчы Менску ўвечары 14 траўня, у дзень пятай гадавіны сумнавядомага рэфэрэндума аб дзяржаўнай сымболіцы і статусе рускай мовы. Гэтая акцыя апазыцыі завяршае так званую Гарачую Вясну-2000. Яна ў адрозьненьне ад папярэдніх была даволі спакойнай. Не было ніякіх прамоваў і несанкцыянаваных шэсьцяў, як не назіралася і вялікай канцэнтрацыі міліцэйскіх сілаў. Удзельнікі акцыі сьпявалі патрыятычныя песьні, дэклямавалі вершы, частка зь іх пастаралася аздобіць сваё адзеньне значкамі, хусткамі ці іншымі аксэсуарамі ў нацыянальных бел-чырвона-белых колерах. Нельга сказаць, што гэта было нейкае сьвяточнае гуляньне, таму што ўсе бачылі, што над Кастрычніцкай плошчай вісеў сьцяг у іншых колерах – чырвона-зялёны. Яго пад час спэцыяльнай цырымоніі ўзьнялі сёньня кіраўнікі менскай вертыкалі. Але ўсё ж настрой удзельнікаў гуляньня быў больш аптымістычны, чым песымістычны. Гаворыць адзін з удзельнікаў гэтай акцыі мастак Алесь Марачкін: (Марачкін: ) “Мы жывем пад час парадоксаў, прычым такіх, якія вытлумачыць цьвярозаму розуму немагчыма. Ну скажам, прыяжджае чалавек у Беларусь і бачыць герб Менску – гэта Маці Божая, гэта хрысьціянскі сымбаль, і бачыць сьцяг і герб, што прапагандуюцца, – бальшавіцкія, бязбожніцкія сымбалі. Пад гэтым сьцягам і гербам царкву душылі і нішчылі. Як могуць сумяшчацца два гэтыя сымбалі. Думаю, што мы будзем сьведкамі таго, як гэта скончыцца, доўга яно не пражыве. Я абсалютна ўпэўнены, што нашыя сымбалі – Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг – яны вечныя, і прыйдзе час – яны будуць лунаць над нашай радзімай, над нашац краінай”. Гэта быў Алесь Марачкін. У цэлым можна сказаць, што пратэст супраць дыскрымінаці беларускай мовы і сымболікі быў больш асабістым. Кожны прыйшоў сюды, каб засьведчыць сваю пазыцыю. Гаворыць іншы ўдзельнік гэтай акцыі: (Удзельнік: ) “Я не выракаюся сваіх перакананьняў. Я проста прыйшоў сюды пацьвердзіць свае пераканьні. Найперш, самому сабе, сваім студэнтам, вучням. Што б тут не рабілася, я застаюся самім сабою, і хай яны праводзяць яшчэ дзясяткі рэфэрэндумаў, на мяне гэта не ўплывае аніяк”. Прыблізна а дзевятай вечара акцыя мірна скончылася. (Галасы: ) “Жыве Беларусь, Жыве Беларусь, Жыве Беларусь…” Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |