RFE/RL |
Панядзелак, 15 Траўня 2000 |
Сёньня |
Беларускі Гэльсынскі камітэт атрымаў сёньня зь Міністэрства юстыцыі дакумэнт, у якім улады ўпершыню прызнаюць, што бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца гістарычнай сымболікаю Беларусі, але не даюць канкрэтнага адказу на пытаньне, ці могуць грамадзяне выкарыстоўваць гэты сьцяг у часе мітынгаў і дэманстрацыяў. Кіраўніцтва Гэльсынскага камітэту вырашыла канчаткова высьветліць пытаньне, ці могуць людзі беcперашкодна й публічна выкарыстоўваць у цяперашняй Беларусі нацыянальныя гістарычныя сымбалі. Пытаньне даволі важнае, бо да праваабаронцаў было шмат зваротаў людзей, якія пацярпелі ад міліцыі за тое, што прыходзілі на мітынгі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Таму 7 красавіка шэф Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька накіравала на адрэсу прэм’ер-міністра Ўладзімера Ярмошына й міністра юстыцыі Генадзя Варанцова адпаведны запыт, у якім прасіла растлумачыць парадак выкарыстаньня сымболікі, якая да 1995 году была дзяржаўнай. І вось на наступны дзень пасьля адзначэньня ўладамі гэтак званага “Дню дзяржаўнага гербу й сьцягу” ў штаб-кватэру БГК прыйшоў адказ за подпісам міністра юстыцыі спадара Варанцова. У ім гаворыцца пра тое, што пры правядзеньні вулічных шэсьцяў, мітынгаў і пікетаў дазваляецца выкарыстоўваць сымболіку, зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку. У адказе міністра таксама прызнаецца той факт, што бел-чырвона-белы сьцяг ёсьць гістарычнай сымболікаю Беларусі, аднак, паколькі на цяперашні момант парадак выкарыстаньня гістарычных сьцягоў не ўрэгуляваны заканадаўствам, то пад час правядзеньні мітынгаў і шэсьцяў трэба прытрымлівацца дзейнага закону. Вось такі адказ, які кожны з бакоў можа трактаваць як хоча. Прадстаўнікоў Гэльсынскага камітэту такі адказ на канкрэтнае пытаньне абсалютна не задавальняе. Гаворыць Тацяна Процька… (Процька: ) “Міністэрства юстыцыі павінна даваць грамадзянам тлумачэньні ў тых дзеяньнях, якія не рэгулююцца заканадаўствам адназначна. У гэтым сэнс існаваньня міністэрства юстыцыі. І вось атрымалі такое тлумачэньне, зь якога ну ніяк нельга зразумець, ці можна карыстацца гэтымі сымбалямі, ці не. З аднаго боку, міністэрства канстатуе, што гэта гістарычны сьцяг Беларусі. Значыцца, мы маем права карыстацца гэтым сьцягам, з другога боку неяк туманна гаворыцца пра тое, што ён незарэгістраваны. Калі гэты гістарычны сьцяг Беларусі незарэгістраваны, дык вінаватыя тыя органы, якія павінны яго зарэгістраваць. Мы будзем прыцягваць увагу грамадзкасьці да гэтага пытаньня і будзем патрабаваць канкрэтнага вырашэньня гэтай праблемы, бо на сёньняшні дзень такі адказ ня можа нас задаволіць”, – паведаміла старшыня БГК. А вось думка аднаго з аўтараў адказу Міністэрства юстыцыі, кіраўніка аддзелу грамадзкіх аб’яднаньняў гэтага міністэрства Міхала Сухініна. (Сухінін: ) “У нашай краіне тут – белая пляма. У іншых краінах пры прыняцьці дзяржаўных сымбаляў агаворваюць іх наступнае прымяненьне, а ў нас гэтага няма. Я нічога не магу дадаць да таго, што мы далі. Па-першае, мы давалі на падставе адказу на наш ліст, які нам даў камітэт па справаводзтве і архівах. Яны гэтую выснову далі, што гэта гістарычны сымбаль. Пытаньне неўрэгуляванае. У сувязі з гэтым трэба было б зьвярнуцца да дэпутатаў Нацыянальнага Сходу, бо яны маюць права заканадаўчай ініцыятывы, і па-другое, самае актыўнае на мой погляд, гэта трэба было зьвярнуцца да Гэнеральнага пракурора. Па-першае, ён ажыцьцяўляе нагляд, і па-другое, ён валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Гэта значыць, убачыўшы пляму, ён можа зьвярнуцца ў заканадаўчы орган”, – паведаміў спадар Сухінін. Пры гэтым прадстаўнік Міністэрства юстыцыі ня лічыць, што ўсё, што не забаронена законам – дазволена. Ён толькі раіць мяняць заканадаўства. Тым часам незалежныя экпэрты-юрысты лічаць, што якраз такі прынцып мусіць дзейнічаць у нармалёвай дэмакратычнай дзяржаве. На думку супрацоўніка “Цэнтру праўнае дапамогі” пры Беларускай Асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, паколькі ўлады самі прызнаюць бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці гістарычнае сымболікі Беларусі, дык грамадзяне маюць поўнае права выкарыстоўваць яго публічна. І людзей не павінна цікавіць тое, што ўлады не пасьпелі яшчэ прыняць адпаведны закон наконт карыстаньня гістарычнымі сымбалямі. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |