RFE/RL |
Панядзелак, 15 Траўня 2000 |
Сёньня |
Група нямецкіх і японскіх навукоўцаў здолела выдзеліць генэтычную структуру чарговай храмасомы чалавека. Навуковы камэнтатар газэты Finantial Times Вікторыя Грыффітс лічыць, што гэтае адкрыцьцё можа мець рэвалюцыйнае значэньне ў спробах чалавека зразумець генэтычную прыроду ўласнага арганізму. Вікторыя Грыффітс сьцьвярджае, што праз 6 тыдняў удзельнікі міжнароднага супольнага дасьледаваньня (нямецкія і японскія навукоўцы) будуць у стане скласьці агульную генэтычную схему чалавека, так званую “кнігу жыцьця”, у якой будуць ня менш за 90% усей колькасьці генаў чалавека. Гэткага надзвычайнага выніку японскія і нямецкія навукоўцы дасягнулі таксама ў выніку жорсткай канкурэнцыі з групай амэрыканскіх генэтыкаў з сусьветна вядомай навуковай асацыяцыі “Гэлэра Геномікс”, якая ў свой час першая адкрыла ўзаемазалежнасьць у геннай структуры чалавека. Над супольным япона-нямецкім праектам працавала некалькі навукова-дасьледчых інстытутаў абедзьвюх краінаў. У выніку яго навукоўцы здолелі адкрыць структуру 21-й храмасомы чалавека. Да гэтага вучоныя ведалі структуру толькі адной храмасомы – 22-й з 23-х, якія існуюць у арганізме чалавека. Структура 22-й храмасомы была адкрытая ў сьнежні мінулага году, і гэтае адкрыцьцё адразу спрычынілася да выразнага росту акцыяў біятэхналягічных кампаніяў на біржах сьвету. 21-я храмасома мае вельмі важную ролю ў жыцьцязабясьпячэньні арганізму чалавека. Менавіта яна адказная за хваробу Альтгаймэра, за некаторыя формы рака і так званы “сындром Даўна”. Вынікі гэтага супольнага япона-нямецкага дасьледаваньня былі апублікаваныя ў апошнім нумары часопіса Nature. Вікторыя Грыффітс адзначае на старонках газэты Finantial Times, што адным з галоўных яго дасягненьняў зьяўляецца падлік агульнай колькасьці генаў у чалавека. Іх прыблізна 40 тысячаў. Гэта на адну траціну, а можа і напалову, менш, чымся лічылася раней. Праўда, навука дасюль ня ведае ўсе ўзаемазалежнасьці геннай сеткі. На думку Вікторыі Грыффітс, стварэньне “кнігі жыцьця” мае ня толькі навукавае, але і важнае камэрцыйнае значэньне. Навукоўцы цяпер будуць з кожным днём усё глыбей і глыбей пранікаць у структуру наступных храмасомаў, так як яны гэта зрабілі ў выпадку 21-й храмасомы. І гэта дае новыя надзвычайныя магчымасьці для разьвіцьця генэтыкі. Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |