RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 15 Траўня 2000

Сёньня:



Сустрэча прадстаўнікоў афіцыйных беларускіх уладаў і апазыцыі пры ўдзеле Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ, якая прайшла сёньня ў Менску, паказала, што ўсталяваць клімат даверу ўладам і апазыцыі будзе ня проста.

Кіраўніцтва Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі, у прыватнасьці амбасадар Ганс-Георг Вік і ягоны новы заступнік Мішэль Рывальле, ня робяць сакрэту з таго, што спадзяваньні на пэўныя зрухі ў вадносінах паміж беларускімі ўладамі і апазыцыяй яны зьвязваюць з маючай адбыцца сустрэчаю паміж першым заступнікам кіраўніка лукашэнкавай адміністрацыі Ўладзімерам Русакевічам і лідэрамі апазыцыйных палітычных партыяў.

Гэтую сустрэчу менская група АБСЭ рыхтуе ўжо з канца красавіка. Ейныя прадстаўнікі рэгулярна кантактуюць з абодвума бакамі. А сёньня ў менскім гатэлі “Юбілейная” Мішэль Рывальле нарэшьце сабраў разам дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканапраэктнае дзейнасьці пры прызыдэнце Ігара Андрэева й кіраўніка экспэртавае групы ў рэглямэнце Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў Юрыя Хадыку. Менавіта ім бакі даверылі абмяркаваць усе працэдурныя пытаньні, зьвязаныя з будучымі кансультацыямі.

Ад апазыцыі першапачаткова прапаноўвалася накіраваць на гэтую размову прафэсара Міхала Пастухова. Аднак ён у гэтыя дні ў Нямеччыне.

Ігар Андрэеў і Юры Хадыка пры дапамозе Мішэля Рывальле сёньня на працягу гадзіны спрабавалі ўзгадніць усе дэталі магчымае сустрэчы. Іхная размова вялася за зачыненымі дзьвярыма, прычым бакі дамовіліся пакуль не камэнтаваць перамовы. Мяркуецца, што ўжо хутка Андрэеў правядзе кансультацыі ў адміністрацыі Лукашэнкі, Хадыка – у Кансультацыйнай радзе апазыцыйных палітычных партыяў. Пасьля яны сустрэнуцца яшчэ раз і, калі будзе знойдзена згода, дамовяцца пра час і месца сустрэчы.

На просьбу нашага радыё выказаць свой прагноз наконт гэтакае сустрэчы Юры Хадыка адказаў двума словамі: “Надзеі ёсьць”.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org