RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 15 Траўня 2000

Сёньня



Нашаму карэспандэнту стала вядома, што памежны аўтапераход “Брузгі” на беларуска-польскай мяжы будзе цалкам зачынены на тры месяцы. Гэта адбудзецца 1 жніўня. “Брузгі” – адзін з двух галоўных пераходаў на мяжы з Польшчай. Праз яго прапускаюцца ўсе віды аўтатранспарту.

Днямі Горадню наведала польская дэлегацыя на чале з беластоцкім ваяводай Крыстынай Лукашук. Наша мясцовая афіцыйная прэса паведаміла, што палякі наведалі памежныя пераходы: Брузгі-Кузніца і Бераставіца-Баброўнікі.

Адбыліся перамовы з удзелам нашых і польскіх мытных і памежных мясцовых кіраўнікоў. Нічога толькі не было паведамлена аб тым, якую праблему спрабавалі разьвязаць удзельнікі перамоваў.

А праблема гэтая датычыць арганізацыі памежнага руху на бліжэйшы час. Рэч ў тым, што польскі бок распачынае мадэрнізацыю пераходу ў Кузьніцы. Разбудова працягнецца тры гады, а з 1 жніўня гэты пераход зачыняецца зусім на тры месяцы. Пасля гэтага, 3 лістапада, машыны будуць прапускацца толькі па адным пасе. Не сакрэт, што ўдзень у Брузгах пераяжджае мяжу да дзьвюх тысяч машын, зь якіх большасьць – легкавыя. З 1 жніўня ім давядзецца кіраваць у Берасьце або ехаць у Польшчу цераз Літву праз аўтапераход Агароднікі, для чаго спатрэбіцца транзытная віза.

Палякі імкнуліся дамовіцца з нашым бокам, каб часова для пропуску легкавікоў быў выкарыстаны аўтапераход Баброўнікі-Бераставіца, дзе прапускаецца толькі грузавы транспарт. Нашыя пакуль не адказалі станоўча. Рэч вось у чым: на пачатку 90-х гадоў палякі пачалі пашыраць свой пераезд у Баброўнікі, паколькі ў Кузьніцы рух транспарту адбываецца па вуліцы мястэчка. І разбудоўваць гэты пераезд яны палічылі тады нямэтазгодным.

З беларускага боку адбылося наадварот: у Бераставіцы нічога не рабілася, асноўныя працы распачаліся ў Брузгах, але даведзеныя да канца яны не былі. Апошнія два гады беларускія ўлады дамовіліся, каб грошы на Брузгі дала Расея, аднак далей абяцанак справа па сутнасьці не пайшла. Палякі лічаць, што ў Бераставіцы і ў Баброўніках можна прапускаць у суткі каля 800 аўтатрэлераў ці больш за тысячу легкавікоў.

Калі гэты пераход ня будзе выкарыстаны, тысячы гарадзенцаў і жыхароў усяе Беларусі будуць мець вялікія праблемы, а чарга на беларуска-польскай мяжы ў Берасьці можа павялічыцца нават у два разы.

Сяргей Астараўцоў, Горадня


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org