RFE/RL |
Пятніца, 12 Траўня 2000 |
Сёньня |
Сёньня камісія замежных справаў, абароны і бясьпекі чэскага Сэнату ізноў вярнулася да беларускіх слуханьняў. Перад іх пачаткам старшыня паседжаньня Міхаэл Жантоўскі зачытаў ліст і ноту беларускай амбасады ў Празе. У Сэнаце была прысутная нашая карэспандэнтка Алена Ціхановіч. У сваім лісьце беларуская амбасада выказвае дыпляматычнае неўразуменьне з нагоды таго, што чэскі Сэнат так актыўна пачаў займаццца праблемамі правоў чалавека ў Беларусі. Нагадаю, што першыя слуханьні прайшлі ў сакавіку, а пасьля таго сэнатары Жантоўскі і Румл наведалі Беларусь і былі ўдзельнікамі Чарнобыльскага Шляху. Менавіта з Чарнобыльскага шляху Ян Румл прывез лёзунг “Беларусь у Эўропу”, які ў яго поўнай форме і выкарыстаў у сваім артыкуле “Дваісты падыход да Беларусі”. Нота беларускай амбасады ад 11 траўня прысьвечаная менавіта гэтаму артыкулу – яго аўтар асуджаецца за абразьлівыя выказваньні і зьневажаньне кіраўніка беларускай дзяржавы. Нагадаю, што з артыкулам Яна Румла мы пазнаёмілі нашых слухачоў, і ён далей застаецца даступным на нашай старонцы ў Інтэрнэце. Аднак жа прысутны беларускі дыплямат у кулюарах паседжаньня кінуў на адрас Румла зьняважлівае “пастух” – згадваючы занятак, якім цяперашні сэнатар мусіў займацца пад час дысыдэнцтва. Такім чынам, у дагэтуль прэсны зьмест беларуска-чэскіх дыпляматычных адносінаў дадаецца яўны прысмак пэрсаналізаваных пачуцьцяў. Румл і Жантоўскі, з аднаго боку сталі вітанымі героямі мітынгаў апазыцыі, а з другога – нібыта дыпляматычнымі хуліганамі. Вось афіцыйная пазыцыя, выкладзеная сакратаром беларускага пасольства Васілём Курловічам: (Курловіч: ) “Беларускі бок ня можа задаволіць зьмест рэзалюцыі, якую будуць абмяркоўваць. Пагаджаючыся, што ў Беларусі ёсьць факты, будзем казаць, няпоўнага датрыманьня правоў чалавека, у той жа час мова ня йдзе пра масавы парушэньні”. Мы яшчэ вернемся да зьместу той рэзалюцыі па Беларусі, якую прапануюць на абмеркаваньне сэнату Румл і Жантоўскі. Але цяпер ізноў – да палеткаў. Дакладней, пра некалькі сотняў тон чэскага збожжа, пастаўленага Беларусі. На працягу паўгода абставіны гэтага кантракту застаюцца тэмай вострай дыскусіі ў чэскіх палітычных і эканамічных колах. Сёньня гэтае абмеркаваньне было працягнутае на сэнацкай камісіі. Нагадаю, што летась позьняй восеньню, калі Беларусь была блізкая да хлебнага крызысу, была заключаная буйная зьдзелка на пастаўкі збожжа з чэскай кампаніяй. Збожжа прадавалася ў крэдыт, які забясьпечыў Чэскі экспартны банк. Агульная сума зьдзелкі ацэньваецца на 60 млн. даляраў. У артыкулах, якімі напоўніўся чэскі друк, задаваліся пытаньні: ці не падтрымлівае такім чынам Чэская Рэспубліка рэжым Лукашэнкі, ці ёсьць гарантыі вяртаньня крэдыту і, урэшце, ці ня стане так, што збожжа будзе далей перапрададзенае? Свае тлумачэньні сёньня з гэтай нагоды давалі ў Сэнаце прадстаўніца Чэскага экспартнага банку і кіраўнік Дзяржаўнага фонду рыначнай рэгуляцыі ў сельскай гаспадарцы. Але найбольш адметным стала выступленьне на гэтую тэму эканамічнага дарадцы беларускай амбасады Мікалая Сарвірава. Вось як ён прадставіў сітуацыю: (Сарвіраў: ) “Так склалося гістарычна і геаграфічна, што адны дзяржавы атрымалі ў спадчыну ад прыроды і ад Бога ўрадлівыя глебы, моры, а іншыя атрымалі горы. Чэхія мае шчасьце, што землі, на якіх вы жывеце, настолькі ўрадлівыя, што дастаткова ўваткнуць галінку ці кінуць зернейка, і будзе добры ўраджай. На жаль, Беларусь ніколі не была краінай, якая вырабляла дастатковую колькасьць збожжа, і геаграфічна, і прыродна збожжа ня можа даваць дастаткова. Няўрод збожжавых быў выкліканы паводкай і засухай. Як прыклад магу прывесьці, што супраць 60-ці цэнтнераў з гектару, што зьбіраюць у Чэхіі, мы змаглі сабраць каля 17 цэнтнераў з гектару”. Яшчэ раз падкрэсьлю – 17 цэнтнераў і 60 – так выглядаюць прапорцыі ўраджайнасьці у Беларусі і Чэхіі – краінах адной кліматычнай зоны аднаго кантынэнту. Спадар Сарвіраў прызнаўся, што у Чэхіі ён толькі паўтары гады, але і за гэты час мусіў бы быць знаёмы з жахлівымі вынікамі чэскіх паводак, якія здараюцца і некалькі разоў на год. Ну а цьверджаньні, што ў Беларусі ніколі не было добрых ураджаяў пшаніцы я папрасіла пракамэнтаваць Яна Гека, прадстаўніка названага вышэй чэскага дзяржаўнага фонду рыначнай рэгуляцыі ў сельскай гаспадарцы: (Гек: ) “Мне б не хацелася ацэньваць узровень беларускай сельскай гаспадаркі, таму што я ня меў магчымасьці зь ім пазнаёміцца. Меркаваньні ёсьць розныя. Кліматычныя ўмовы там спэцыфічныя, але важна і тое, якія ёсьць сродкі мэханізацыі, як ужываюць агратэхнічныя сродкі – гербіцыды, пестыцыды. Гэта вельмі ўплывае на ўраджай”. Спадар Гек не назваў цану, па якой была пшаніца прададзеная Беларусі, спаслаўшыся на тайну камэрцыйнай зьдзелкі, але заўважыў толькі: (Гек: ) “Гэта вельмі выгадны кантракт для чэскага боку, вельмі выгадны”. Тое ж самае ўскосна пацьвердзіў і беларускі эканамічны дарадца спадар Сарвіраў, які падазрэнні пра магчымы перапродаж пшаніцы парыраваў такім аргументам: (Сарвіраў: ) “Кошт, па якім мы купляем чэскае збожжа, настолькі высокі, што калі мы будзем падаваць збожжа нават па гэтым кошце, бяз выгады, у нас яго ніхто ня купіць”. Прадстаўніца Чэскага экспартнага банку сп. Грнчыжава заявіла, што банк ня мае сумненьняў зь вяртаньнем крэдыту, паколькі яго атрымальнік – Белзьнешэканомбанк – мае добрую рэпутацыю ў міжнародным бізнэсе. (Грнчыжава: ) “Першая выплата крэдыту за харчовую пшаніцу будзе ў жніўні”. Дадзеныя тлумачэньні, выглядае, задаволілі сябраў сэнацкай камісіі, бо засьведчылі, што зьдзелка была праведзеная без парушэньняў правілаў міжнароднага гандлю і крэдытаваньня і, ў першую чаргу, выгадная чэскаму боку. Пасьля гэтага сэнатары прыступілі да абмеркаваньня праекту рэзалюцыі па Беларусі і больш за ўсё сумненьняў выказалі адносна пункту пра магчымыя эканамічныя санкцыі. Гісторыя з пшаніцай паказала, што пэрспэктывы двухбаковага супрацоўніцтва могуць быць вельмі выгаднымі. Аднак ініцыятары беларускіх слуханьняў у чэскім сэнаце перакананыя, што палітычныя ўмовы ў Беларусі ня могуць заставацца ўнутранай справай гэтай краіны. У бліжэйшы час праект абмеркаванай рэзалюцыі паступіць у чэскі Сэнат. Магчыма, пытаньне будзе прапанаванае і на пленарнае паседжаньне парлямэнту. Чэскія палітыкі плянуюць таксама навязаць цяснейшыя кантакты з прадстаўнікамі легітымнага парлямэнту Беларусі, агранізаваць у Чэхіі адпачынак дзяцей беларускіх палітычных вязьняў, а таксама ўсталяваць стыпендыі для студэнтаў з Беларусі. Да гэтых крокаў, безумоўна, падштурхоўвае і тое, што лягеры ўцекачоў кожны месяц папаўняюцца новымі і новымі палітэмігрантамі зь Беларусі. Алена Ціхановіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |