RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 12 Траўня 2000

Сёньня



Учoрашнія падзеі ў Маскве, калі узброеныя групы спэцслужбаў уварваліся ў офісы холдынгу “Медыя-мост”, сёньня камэнтуюцца замежнай прэсай.

“New York Times” сёньня цытуе словы Владзіміра Гусінскага, які ўчора быў вымушаны тэрмінова прыляцець у Маскву з Ізраілю. “Тое, што адбылося – фактар палітычнага ціску, і застаецца пашкадаваць, што гэта адбылося ўсяго толькі праз некалькі дзён пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта, на якога народ ўскладае надзеі на аднаўленьне краіны. Аднак ўсё адбываецца ў іншым накірунку – тыя ж самыя чорныя маскі, тыя ж спэцслужбы, тое ж паляваньне на вядзьмарак”.

“New York Times” адзначае таксама, што такія дзеяньні менавіта цяпер, калі заходнія назіральнікі спрабуюць прагназаваць будучыню Расеі пры новым прэзыдэнце, могуць быць успрынятыя як злавесны знак.

Кіраўніцтва холдынгу “Медыя-Мост” мае намер зьвярнуцца ў суд з зыскам у справе абароны гонару супарацоўнікаў і бізнэс-рэпутацыі самога холдынгу. Тым больш, што паводле папярэдніх дадзеных, пад час ператрусу ня знойдзена ніякіх доказаў, якія б падмацоўвалі афіцыйную прычыну гэтага ператрусу – парушэньне службай бясьпекі групы “Мост” правоў грамадзянаў і ўмяшальтніцтва ў іх асабістае жыцьцё.

Сёньня адвакаты пералічваюць парушэньні крымінальна-працэсуцальнага кодэксу ды іншых нарматыўных актаў пад час учарашняга ператрусу, самая элемэнтарная зь якіх – адсутнасьць панятых, што з пазыцыі непрадузятага суда зводзіць юрыдычную вартасьць доказаў, калі яны сапраўды былі здабытыя сьледзтвам, практычна да нуля.

Дарэчы, у прававой дзяржаве ў прысутнасьцті панятых зацікаўлена найперш само сьледзтва: у такой сытуацыі той, у каго зрабілі ператрус, ужо ня можа сьцьвярджаць, што тыя ці іншыя кампраментуючыя доказы пад час ператрусу былі падкінутыя самімі сьледчымі.

Але больш цікавымі для аналізу падаюцца не юрыдычныя, а палітычныя аспэкты сытуацыі вакол холдынгу “Медыя-Мост”. Менавіта на іх і зьвяртае ўвагу вашынгтонскі аналітык нашгага радыё Пол Гобл.

Ён адзначае, што сродкі масавай інфармацыі, якія аб’яднаныя ў кантралюемы Владзімірам Гусінскім холдынг “Медыя-Мост”, займаюць крытычную пазыцыю ў дачыненьні да Крамля.

Падзея, якая адбылася ў чацьвер, паказвае, што ў адказ Крэмль вырашыў пайсьці ў “лабавую атаку”, распачаць наступ на прыхільнікаў свабоднай прэсы.

Пол Гобл адзначае, што падобная стратэгія дае тры перавагі тым, хто зацікаўлены менавіта ў такім сцэнары.

Па-першае, яна дазваляе параліжоўваць тых, хто выступае супраць цяперашняга крамлёўскага рэжыму, шляхам юрыдычных альбо матэрыяльных прэтэнзіяў.

Па-другое, падобныя мэтады пагрозьліва дзейнічаюць на іншых.

І па-трэцяе, паколькі такія дзеяньні аформленыя ў выглядзе законных, яны часта не падвяргаюцца крытыцы з боку іншых дэмакратычных урадаў. Улада можа заявіць, што праваахоўныя ворганы дзейнічалі выключна ў інтарэсах захаваньня законнасьці.

Але паводле якраз гэтых трох фактараў, адзначае Пол Гобл, такі аформлены ў нібыта “законную” форму наступ на сродкі масавай інфармацыі значна больш небясьпечны, чым брутальны сілавы ціск. І, на думку вашынгтонскага аналітыка, учарашняя падзея можа характарызаваць паварот ў палітычным разьвіцьці Расеі ў значна большай ступені, чым нядаўняя інаўгурацыя новага расейскага прэзыдэнта.

Сяргей Навумчык, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org