RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 12 Траўня 2000

Сёньня



У гарадзкім судзе Менску пад час разгляду крымінальнае справы лідэра сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча й дэпутата Вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна зноў апытваліся пацярпелыя пад час падзеяў 17 кастрычніка вайскоўцы. Пад час мінулых судовых паседжаньняў яны давалі вельмі супярэчныя паказаньні.

Старшыня судовага паседжаньня Ігар Крот запрасіў некаторых пацярпелых вайскоўцаў, каб разам зь імі прагледзець фрагмэнты відэастужак. Гэта падалося сьледзтву неабходным для высьвятленьня поўнае карціны падзеяў 17 кастрычніка, бо ранейшыя паказаньні вайскоўцаў абвяргаюцца відэаматэрыяламі справы.

Сёньня былы салдат тэрміновае службы Алейнік, які сапраўды атрымаў траўму чэрапу пад час сутычкі з дэманстрантамі, пачаў сам задаваць пытаньні Статкевічу. Алейнік пытаўся, чаму 17 кастрычніка людзі выйшлі на вуліцы, хто кіраваў гэтымі людзьмі й чаму ў некаторых маладых людзей былі павязкі-банданы на тварах?

Лідэр “Народнае Грамады” адказаў, што на вуліцы выйшлі тыя людзі, якім неабыякава, у якой краіне яны жывуць. А маладыя людзі вымушаныя быць з павязкамі на тварах таму, што за ўдзел у дэманстрацыі іх могуць адлічыць з унівэрсытэту.

Усе ўдзельнікі працэсу чакалі, што сёньня нарэшце зьявіцца камандзір брыгады, які аддаваў загады вайскоўцам пад час разгону дэманстрацыі 17 кастрычніка, але ён і сёньня прайгнараваў позву ў суд.

У інтэрвію для нашага радыё Мікола Статкевіч выказаў сваё меркаваньне з нагоды сёньняшняга судовага паседжаньня:

(Статкевіча: ) “Такое ўражаньне жорткай устаноўкі, таму што нават у сытуацыі, калі ўсё зразумела, і відавочна, што першыя паказньні былі памылковымі, многія ўпарта стаялі на сваім. Ну, напрыклад, маёр …упарта настойваў, што ён бачыў Шчукіна, хаця Шчукіна там не было. Адчуваецца пэўны інструктаж, пэўны ціск, пэўная накрутка прадстаўнікоў міліцыі. Атрымалі нейкі інструктаж пасьля таго, як стала зразумела, што першыя паказаньні апынуліся няўдалымі для ўладаў, а тым больш, калі шмат хто з супрацоўнікаў міліцыі пачаў адмаўляцца ад сваіх ранейшых паказаньняў, дадзеных увосень”.

Судовае паседжаньне ў крымінальнай справе Валерыя Шчукіна й Міколы Статкевіча будзе працягнута 15 траўня ў гарадзкім судзе Менску.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org