RFE/RL |
Пятніца, 12 Траўня 2000 |
Сёньня: |
(эфір 13 траўня) Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі. На адыходзячым тыдні бадай самай балючай падзеяй у сфэры эканомікі былі моцныя замаразкі й гібель пасеваў, з прычыны чаго пачалася ўпартая барацьба ўладных струкураў з наступствамі моцных замаразкаў. 10 траўня кіраўнік ураду Ўладзімер Ярмошын правёў тэрміновую нараду са сваімі заступнікамі, кіраўнікамі апарата ўраду, міністрамі эканомікі й фінансаў з абмеркаваньнем пытаньня аб аказаньні дапамогі вёсцы ў справе завяршэньня веснавой сяўбы, правядзеньні перасеву культураў, што пацярпелі ад замаразкаў. У гэты ж час заступнік прэм’ер-міністра Аляксандар Папкоў правёў сэлектарную нараду з абласьцямі ды раёнамі з абмеркаваньнем тактычных задачаў, паўсталых у сувязі са стыхійнай бядою. А сытуацыя ў сельскай гаспадарцы склалася сапраўды крытычная. Ад замаразкаў цалкам загінула 139 тысячаў гэктараў пасеваў ды 152 тысячы гэктараў моцна пашкоджаны. Чакаецца і ўжо вядзецца перасеў на плошчы, роўнай пасяўному кліну цэлае вобласьці. Трэба дадаткова адшукаць насеньне, мінэральныя ўгнаеньні ды паліва. У маштабах краіны гэта патрабуе выдаткаў на 15 млрд. рублёў. Дарэчы, летась ад замаразкаў найперш на тарфяніках таксама загінула 140 тысячаў гэктараў пасеваў. І толькі зараз ва ўрадзе апамяталіся й заявілі, трэба адмовіцца ад раньніх пасеваў на тарфяніках. І яшчэ адна павучальная дэталь – жыхары паўднёвых раёнаў Рэспублікі нягледзячы на раньнюю вясну й цёплае надвор’е не сьпяшаліся засяваць свае прысядзібныя дзялянкі, бо іхная мэта – сабраць ураджай, а не выканаць “плян сяўбы”. Цяжкасьці з завяршэньнем веснавое сяўбы (у Бешанковіцкім, Гарадоцкім, Дубровенскім і Хоцімскім раёнах паводле першага заступніка міністра сельскае гаспадаркі й харчаваньня Вадзіма Папова на 10 траўня сяўба праведзена толькі на плошчы ня более 70 адсоткаў) і перасевам на вялікіх плошчах адцягваюць сродкі ад нарыхтоўкі кармоў, час якое наступае прыкладна праз тыдзень. Для нарыхтоўкі кармоў патрэбна 170 тысячаў тонаў дызэльнага паліва й 60 тысячаў тонаў бэнзыну. Як забясьпечыць такія выдаткі, калі пасьля ня даўняга падвышэньня цэнаў на нафтапрадукты ў краіне канцэрн “Белнафтахім” скасаваў палёгкі для АПК. Калі да падаражэньня сельскагаспадарчыя прадпрыемствы атрымлівалі дызэльнае паліва па 140 рублёў за літар, то зараз – па 203 рублі. На карту ставіцца лёс жывёлагадоўлі, яд якой залежыць эканоміка гаспадарак. Тым болей за час галоднае зімоўкі вытворчасьць малака зьнізілася ў 108 раёнах і мяса – у 103 раёнах. 74 раёна маюць прадукцыйнасьць жывёлагадоўлі ніжэй за леташнюю. Усё вышэйсказанае сьведчыць, што рэвалюцыйнага прарыву ў сельскай гаспадарцы, намечанага Аляксандрам Лукашэнкам сёлета, нажаль, не адбудзецца. Уладзімер Кулажанка, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |