RFE/RL |
Пятніца, 12 Траўня 2000 |
Сёньня: |
Прэм’ер Уладзімер Ярмошын прэзэнтаваў гэтак званаму “Нацыянальнаму сходу” сваю эканамічную праграму. Ярмошын прызнаў, што сытуацыя ў экананоміке склалася дрэнная. Праграма новага прэм’ера прадугледжвае правядзеньне частковага рэфармаваньня эканомікі. Пад час зацьвярджэньня Ярмошына на пасадзе кіраўніка Савету міністраў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прэм’ер – гэта такая фігура, якая робіць тое, што сказаў прэзыдэнт. У гэтай сувязі падаецца цікавым, ці гэта Ярмошын самастойна прызнаў, што эканоміку трэба тэрмінова ратаваць, ці такая пазыцыя была ўзгодненая з Лукашэнкам. Сытуацыя ў эканоміцы, якую апісаў Ярмошын, выглядае надзвычай сумна. Ад сакавіка летась колькасьць стратных прадпрыемстваў павялічылася ад 26 да 38,5 адсоткаў. Рэзка падвысілася крэдыторская і дэбіторская запазычанасьць. Прэм’ер распавёў пра фінансавую нестабільнасьць прадпрыемстваў і значнае скарачэньне інвэстыцыяў і, у прыватнасьці, капітальных укладаньняў у вытворчасьць. Паводле словаў Уладзімера Ярмошына, амаль палова беларусаў маюць даходы ніжэйшыя за пражыцьцёвы мінімум. Грошай няма ня толькі ў жыхароў, але і ў дзяржавы. Акрамя неабходных выдаткаў, Беларусі трэба разьлічвацца за раней атрыманыя крэдыты. Вонкавыя даўгі, за якія трэба разьлічыцца сёлета, складаюць каля 290 мільёнаў даляраў. Да таго ж, існуе вялікая запазычанасьць “Газпрому”, якую зараз патрэбна вяртаць. Сытуацыю з запазычанасьцю сам Уладзімер Ярмошын ацэньвае гэтак: “У разьліках за газ Рэспубліке Беларусь трэба плаціць. Усё. Якія б ні былі формы аплаты – грашыма, таварамі – гэта наш абавязак. Мы гэта вырашаем. Запазычанасьць складае 250 мільёнаў даляраў з улікам ранейшае запазычанасьці. У бягучых даўгах я абяцаў Вяхіраву, што мы з красавіка будзем плаціць 90 адсоткаў, а з траўня – 100 адсоткаў. У красавіку мы аплацілі 92 адсоткі. Паралельна мы вырашаем пытаньне з расейскім урадам аб магчымасьці паставак нашае прадукцыі міністэрствам і ўстановам Расеі ў аб’еме 100 мільёнаў расейскіх рублёў у лік запазычанасьці. Магчыма, такое рашэньне ўжо прынятае. Гэта адзін шлях. Другі шлях – прадастаўленьне “Белтрансгазам” паслугаў для “Газпрому”. Гэта таксама пойдзе ў разьлік. Плаціць трэба. Я іншага не скажу. Трэба працаваць і шукаць усе спосабы”, – пра сытуацыю з запазычанасьцю распавёў Уладзімер Ярмошын. Што тычыцца пазытыўнае праграмы прэм’ера, то ён зьбіраецца ў хуткім часе перайсьці да адзінага курсу беларускага рубля, скараціць інфляцыю і правесьці падаткавую рэформу. Дарэчы, Ярмошын неаднойчы казаў пра тое, што празьмерна жорсткая падаткавая сыстэма ў Беларусі зьяўляецца неэфэктыўнай. Пасьля ягонага прызначэньня прэм’ерам ад пасады быў вызвалены старшыня Падатковага камітэту Мікалай Дзямчук. Акрамя таго, прэм’ер зьбіраецца заняцца структурнымі рэформамі эканомікі й рэфармаваньнем аграпрамысловага комплексу, а таксама шукаць новыя рынкі для беларускай прадукцыі. Але першыя і галоўныя захады – больш жорсткая фінансавая палітыка і, як вынік, фінансавая стабілізацыя. Сёньня Ўладзімер Ярмошын выглядаў як рэфарматар. Праўда, складана зразумець, ці будзе ў Беларусі сапраўды новая эканамічная палітыка. Міністар фінансаў Мікалай Корбут лічыць, што прынцыповых зьменаў не адбудзецца. Наконт жорсткае фінансавае палітыкі ён заявіў: “Калі казаць “новая палітыка” – гэта значыць распрацоўваць новыя падыходы, прымаць новы закон аб бюджэце. А жорсткую фінансавую палітыку мы й раней праводзілі”, – лічыць міністар фінансаў Мікалай Корбут. Ганна Навумовіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |