RFE/RL |
Чацьвер, 11 Траўня 2000 |
Сёньня |
Амаль шэсьць гадоў правучыліся па-беларуску вучні аднаго з клясаў сярэдняй школы №1 гораду Белазёрску. Далёка ня ўсім настаўнікам гэта спадабалася, але кляс усё ж лічыўся беларускамоўным. І вось зараз робіцца чарговая спроба пачаць навучаньне ў гэтым клясе па-расейску. Маці адной з вучаніцаў 6 “А” клясу, дарэчы, настаўніца сьпеваў у гэтай белазёрскай школе, у свой час ужо спрабавала падбухторыць іншых бацькоў на агульным сходзе прыняць рашэньне пра пераход на выкладаньне ўсіх прадметаў па-расейску. Але тады гэтыя захады вынікаў не далі. У абарону беларускай мовы выступіла маці іншай вучаніцы, Ірына Драчэнка, якая даводзіла бацькам, што дзеці павінны вучыцца на мове сваёй, а не суседняй краіны. Гэтыя довады ў рэшце рэшт пераканалі бацькоў, і яны пакінулі мову навучаньня сваіх дзяцей. Але цяпер тая ж настаўніца сьпеваў пайшла іншым шляхам: яна пачала тлумачыць вучням, што іхнія бацькі павінны паставіць свае подпісы пад адмысловай заявай, згодна зь якой яны явачным парадкам быццам бы пагаджаліся з пераходам на расейскую мову навучаньня. У такі спосаб дзецьмі было сабрана шаснаццаць подпісаў – аднаго з бацькоў альбо нават некага з бабуляў ці дзядуляў. Усяго ж у клясе налічваецца дзевятнаццаць вучняў. Пры гэтым, як высьветлілася, многія з бацькоў так і ня здолелі разабрацца, што за подпісы зьбіраюць іхныя дзеці. Адмысловага бацькоўскага сходу на гэты раз ворагі беларушчыны склікаць не палічылі патрэбным. Ірына Драчэнка зноў пачала змаганьне за навучаньне ў гэтай клясе па-беларуску і настойвала на правядзеньні бацькоўскага сходу. Але дырэктарка школы адразу паставіла ўмову не запрашаць на гэты сход ані вядомую паэтку з Белазёрску Ніну Мацяш, ані працаўнікоў Таварыства Беларускай Мовы. У выніку сход быў праігнараваны бацькамі, а кіраўніцтва школы і раённага аддзелу адукацыі запэўнілі спадарыню Драчэнка, што кляс, дзе вучыцца ейная дачка, застанецца беларускім. Але літаральна праз некалькі дзён сытуацыя зьмянілася: па ініцыятыве адміністрацыі вучэльні некаторых бацькоў выклікалі ў школу, дзе зачыталі рашэньне, згодна зь якім з наступнага навучальнага году згаданы кляс будзе ўжо расейскамоўным. Пры гэтым намесьнік загадчыка раённага аддзелу адукацыі, спадарыня Данілковіч паведаміла, што рашэньне было прынятае на падставе тых самых шаснаццаці заяваў, якія быццам бы адпавядалі жадданьню бацькоў, каб дзеці вучыліся па-расейску. Акрамя таго, чыноўніца спаслалася на нейкія тэлефонныя званкі ў райвыканкам па гэтым пытаньні, аднак так і не змагла назваць ніводнага прозьвішча бацькоў, хто сапраўды гэта зрабіў. Ірына Драчэнка, тым часам, не пакідае надзеі дамагчыся ад мясцовых уладаў захаваньня беларускамоўнага кляса ў Белазёрску. Але цяпер гэтыя спадзяваньні выглядаюць усё больш марнымі. Алег Супрунюк, Берасьці
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |