RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 11 Траўня 2000

Сёньня



Сёньня ў Маскве група аўтаматчыкаў са значкамі супрацоўнікаў падаткавае паліцыі заблякавала офісы холдынгу “Мэдыя-Мост”. Супрацоўнікі былі сагнаныя ў памяшканьні сталоўкі і ўтрымліваліся там некалькі гадзінаў. Як паведаміла прэсавы сакратар расейскай Фэдэральнай службы падаткавае паліцыі, супрацоўнікі гэтае службы ўсяго толькі забясьпечвалі так званае “фізычнае прыкрыцьцё” дзеяньняў пракуратуры і ФСБ.

Холдынгу “Мэдыя -Мост” належаць тэлеканал НТВ, а таксама шэраг уплывовых друкаваных выданьняў – газэта “Сегодня” і часопіс “Итоги”.

Галоўны рэдактар газэты “Сегодня” Міхаіл Бергер, гаворачы пра магчымыя прычыны сёняшняй падзеі, нагадаў, што апошнім часам газэта надруквала некалькіх артыкулаў, прысьвечаных карупцыі ў вышэйшых эшэлёнах расейскіх спэцслужбаў. У прыватнасьці, героем некалькіх публікацыяў стаў намесьнік начальніка ФСБ, кіраўнік дэпартамэнту эканамічнае контравыведкі генэрал Застроўцаў. Зварот рэдакцыі газэты да кіраўніка ФСБ Патрушава з просьбай пракамэнтаваць, пацьвердзіць альбо абвергнуць прыведзеныя ў артыкулах факты – застаўся без адказу. Сёньня рэдактар газэты назваў адказам зьяўленьне аўтаматчыкаў у чорных масках.

Галоўны рэдактар часопіса “Ітогі” Сяргей Пархоменка падкрэсьліў, што праваахоўчыя ворганы ня выставілі афіцыйных абвінавачаньняў. Тая ж інфармацыя, якая паступіла журналістам па неафіцыйных каналах з пракуратуры Расеі, сьведчыць, што адна з магчымых прэтэнзіяў да дзейнасьці дэпартамэнту бясьпекі холдынгу “Мост” - гэта ўмяшальніцтва ў “асабістае жыцьцё грамадзянаў”. Пры гэтым, канешне, варта мець на ўвазе, што і кіраўнікі спэцслужбаў маюць права на асабістае жыцьцё. І калі да журналіста трапляе інфармацыя пра сумнеўныя ўчынкі такіх асобаў – дзеяньні журналіста альбо тых, хто дапамог яму знайсьці інфармацыю, пры жаданьні можна кваліфікаваць як умяшаньне ў асабістае жыцьцё.

Сёньняшнія маскоўскія падзеі ў значнай ступені могуць даць адказ на пытаньне, якое хвалюе аналітыкаў як на Захадзе, гэтак і ў самой Расеі: куды пойдзе Расея пры новым прэзыдэнце?

Паводле дакумэнту, надрукаванага газэтай “Коммерсантъ” 3 траўня, – ён, сьцьвярджае газэта, быў распрацаваны спэцслужбамі – пуцінскай Адміністрацыі прапаноўваюцца функцыі, якія не прадугледжаныя расейскай канстытуцыяй, але добра вядомыя з камуністычных часоў: гэта – роля ЦК СПСС, воргана, які меў неабмежаваную ўладу.

Зрэшты, дзеля параўнаньня нават і ў нядаўнюю гісторыю можна не зазіраць: дастаткова паглядзець на цяперашнюю адміністрацыю Лукашэнкі. Непадкантрольнасьць ніякай іншай – судовай альбо заканадаўчай уладзе, падаўленьне дэмакратычных інстытутаў, жорсткія адносіны да прэсы – вось найбольш характэрныя якасьці такой мадэлі. Але самая галоўная яе ўласьцівасьць – гэта татальны кантроль над грамадзтвам. Гэтым яна і адрозьніваецца ад прававой дзяржавы, дзе, наадварот, грамадзтва кантралюе ўладу.

Пакуль што невядома, у якой ступені надрукаванае маскоўскай газэтай будзе адпавядаць сапраўдным памкненьням новага расейскага прэзыдэнта. Днямі мы пазнаёмілі слухачоў зь меркаваньнем вашынгтонскага аналітыка Пола Гобла, які лічыць, што вярнуцца да паліцэйскага рэжыму ў Расеі будзе вельмі складана.

Безумоўна, такое вяртаньне на абшарах гіганцкай краіны – справа няпростая. Аднак нават самая вялікая справа заўсёды пачынаецца з малога.

Сёньня ў Страсбургу міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу абмяркоўваюць, ці варта выключаць Расею са складу Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы за парушэньні правоў чалавека у Чачні. Напэўна, пра сёньняшнія падзеі ў Маскве гаворка на гэтым саміце ня пойдзе – утрыманьне некалькіх дзясяткаў чалавек у памяшканьні сталоўкі выглядае дробным фактам у параўнаньні з масавымі забойствамі, зьдзекамі і зруйнаваньнямі гарадоў.

Але падзеі гэтыя паказалі, што каманда “Рукі за сьпіну, тварам да сьцяны!” можа гучаць ня толькі ў фільтрацыйных чачэнскіх лагярох, але й ў фэшэнэбельных сталічных офісах.

Сяргей Навумчык, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org