RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 11 Траўня 2000

Сёньня



У гарадзкім судзе Менску працягваўся разгляд крымінальнае справы лідэра сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча й дэпутата Вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі ды ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія прывялі да масавых беспарадкаў 17 кастрычніка.

Сёньня ў гарадзкі суд зьявілася група швэдзкіх сацыял-дэмакратаў, каб прысутнічаць на судовым паседжаньні ў справе лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча. Меркавалася, што ў якасьці сьведкі будзе апытаны камандзір, які аддаваў загады вайскоўцам пад час апазыцыйнай акцыі 17 кастрычніка. Але той прайгнараваў позву ў суд. Гэта вельмі зьдзівіла швэдаў, у якіх іншае ўяўленьне пра ролю суду ў грамадзтве.

Судзьдзя Ігар Крот абмежаваўся апытаньнем сьведкаў з боку абароны. Доўгі час адказваў на пытаньні суду назіральнік Беларускага Гэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі. Судзьдзю цікавіла, чым адрозьніваўся “Марш Свабоды” 17 кастрычніка ад іншых апазыцыйных акцыяў, чаму ён скончыўся сутычкамі зь міліцыяй? Іншыя сьведкі – спадары Станкевіч і Ўсьціменка – патлумачылі, што, калі б не было жорсткага зьбіцця дэманстрантаў, не было б і кіданьня камянёў.

Лідэр “Народнае Грамады” Мікола Статкевіч пракамэнтаваў для нашага радыё сёньняшняе паседжаньне…

(Статкевіча: ) “Зараз усё абвінавачваньне будзе будавацца на тым, што дэманстранты замінаюць руху грамадзкага транспарту. Я сказаў сёньня ў судзе, што я еду да 10 гадзінаў у суд на аўтамабілі і вымушаны вельмі доўга стаяць у заторах, бо спадар Лукашэнка таксама на 10 гадзін едзе на працу. Я ня ведаю, што гэта за прэзыдэнт такі, які на 10 едзе на працу, а пасьля ў 17 дадому. Калі ён тады працуе? І кожнага разу перакрываюць рух, мы падоўгу стаім, чакаем”,

– паведаміў лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч.

Судовае паседжаньне ў крымінальнай справе Валерыя Шкукіна й Міколы Статкевіча працягнецца заўтра.

Лубоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org