RFE/RL |
Чацьвер, 11 Траўня 2000 |
Сёньня: |
Учора начальнік сьледчага камітэту пры Міністэрстве ўнутраных справаў Леанід Глухоўскі паведаміў, што ў сьледзтва ёсьць сур’ёзныя спадзевы на тое, што ў хуткім часе ў справе зьніклых Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага зьявяцца новыя зьвесткі. 10 траўня, праз 8 месяцаў пасьля зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, заступнік міністра нутраных справаў Леанід Глухоўскі заявіў, што ў справе зьявіліся нейкія пэўныя абрысы. Пад час прэсавае канфэрэнцыі ў гэтак званае “Палаце прадстаўнікоў” Глухоўскі заявіў: “У нас зараз ёсьць некалькі вэрсіяў, у тым ліку вельмі сур’ёзныя, вельмі цікавыя”. Пры гэтым Глухоўскі зазначыў, што работа вядзецца вельмі актыўна. Невядома, ці будуць улічаныя сьледчымі новыя абставіны, якія зьявіліся апошнім часам. Так, упершыню ўсур’ёз нагадаў пра сябе кіроўца Ганчара Яўген Лычоў. Амаль адразу ж пасьля здарэньня, каб адвесьці небясьпеку ад сябе й сваёй сям’і, Лычоў зьехаў у Галяндыю, дзе знаходзіцца дагэтуль. Відавочна, што ягоная інфармацыя ў немалой ступені магла б дапамагчы разблытаць складаны вузел. Але менавіта паказаньні Лычова сьледчыя ворганы наўмысна ігнаруюць. Справа ў тым, што ягоныя словы ня ўпісваюцца ў дзяжурную схэму. У тэлефоннай размове Лычоў паведаміў, што адразу ж пасьля здарэньня на яго выйшлі сьведкі захопу Ганчара й Красоўскага, і расказалі, як ўсё было на самой справе. Але зьявіцца перад сьледчымі ворганамі гэтыя людзі пакуль асьцерагаюцца: яны сумняюцца, што карная сыстэма павядзе сябе адэкватна. У свой час ад Лычова дамагаліся прызнаньня наконт таго, што Ганчар быццам бы зьбег на ўласную волю. У нас ёсьць магчымасьць прапанаваць вам урывак з гутаркі зь Яўгенам Лычовым. Кіроўца паведаміў, як, паводле сьведак, адбываўся захоп аўтамабіля з Красоўскім і Ганчаром: “Усё адбылося так, як я і меркаваў. Адна легкавая машына блякавала джып сьпераду, другая ззаду. З двух бакоў выскачылі людзі, разьбілі шкло й пацягнулі з салёну Ганчара й Красоўскага. Іх кінулі ў розныя машыны. Джып спрабавалі завесьці, але не змаглі. Больш сьведкі, зь якімі я размаўляў, нічога ня бачылі, бо палічылі за лепшае разыйсьціся па кватэрах. Што тычыцца джыпу, дык яго, хутчэй за ўсё, пацягнулі на буксіры”. Гэта быў кіроўца Віктара Ганчара Яўген Лычоў. Акрамя таго, Лычоў зазначыў, што напярэдадні захопу за Ганчаром вялося амаль кругласутачнае сачэньне. Лычоў асабіста занатоўваў нумары гэтых аўтамабіляў. 16 верасьня джып Красоўскага “вялі” ад самага пад’езду да лазьні. Тое, пра што распавядае Яўген Лычоў, прынцыпова разыходзіцца зь меркаваньнямі афіцыйных структураў. Нагадаю, што яшчэ летась Аляксандар Лукашэнка ў сваім традыцыйным манэры канстатаваў, што калі каму зьнікненьне Ганчара й патрэбнае, дык гэта самому Ганчару. Маўляў, пасьля правальных прэзыдэнцкіх выбараў яму анічога не заставалася, як зьбегчы. І ўдакладніў: пакуль яго шукаюць у Менску, ён разам з Шарэцкім шпацыруе па Вільні. Сёньня выказваньні ўладных чыноўнікаў сталі больш абачлівымі. Ігар Карней, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |