RFE/RL |
Чацьвер, 11 Траўня 2000 |
Сёньня: |
Калегія Менскага гарадзкога суду адмовіла ў задаволеньні касацыйнае скаргі гэбрайскім грамадзкім арганізацыям і асобным грамадзянам на рашэньне Савецкага раённага суду ад 16 красавіка, які прызнаў антысэміцкую кніжку “Вайна па законах нізасьці” “зьвесткамі навуковага характару”. Паўтары гадзіны прадстаўнікі Беларускага аб’яднаньня гэбрайскіх арганізацыяў і абшчынаў і асобныя грамадзяне даказвалі гарадзкому суду, што кніга “Вайна па законах нізасьці” не адпавядае аніякім стандартам навуковага выданьня, паколькі ня мае ані спасылак на крыніцы, ані бібліяграфіі, не рэцэнзавалася й не разсылалася ў навуковыя ўстановы. І ўсяго некалькі хвілінаў хапіла калегіі Менскага гарадзкога суду пад старшыняваньнем судзьдзі Глухоўскай на вынясеньне рашэньня на карысьць выдаўцоў антысэміцкай энцыкляпэдыі. Кніга зноў была прызнаная “зьвесткамі навуковага характару”, абмеркаваньне якіх не ўваходзіць у кампэтэнцыю судоў. Прадстаўнікі істцоў правялі працэс наступальна й зладжана, так што нават адказчыкі разгубіліся й самі прызналіся, што ня лічаць сваю кнігу навуковым выданьнем, а толькі дамагаюцца, каб дыскусія ў яе пытаньні адбывалася не ў судзе, а ў навуковым асяродку. Адказчыкі прадставілі суду заключэньне супрацоўнікаў Акадэміі навук Боўша й Цітаўца, у якім сьцьвярджаецца, што зьмест кнігі хоць і носіць палемічны характар, але адпавядае канстытуцыйнаму праву грамадзянаў на распаўсюджваньне й атрыманьне інфармацыі. Як зазначыў адзін з заяўнікаў, выдаўцы кнігі “Вайна па законах нізасьці” ўспрынялі рашэньне суду як дазвол на новыя правакацыйныя дзеяньні, і цяпер у краме “Праваслаўная кніга” ўжо прадаецца кніжка “Аб гэбрайскім фашызьме” ды іншыя падобныя выданьні. Прэзыдэнт беларускага Аб’яднаньня гэбрайскіх арганізацыяў і абшчынаў Леанід Левін прадбачыў такое рашэньне суду і заявіў “Радыё Свабода”, што паколькі беларускі суд не пачуў іхны пратэст, ён будзе дамагацца справядлівага асуджэньня антысэмітаў празь міжнародныя арганізацыі. Пакуль канчаткова ня вырашана, ці будзе зварот у Вярхоўны суд. На гэтым этапе працэсу на баку гэбрайскіх арганізацыяў выступіў вядомы беларускі праваабаронца Гары Паганяйла, які лічыць, што зьвяртацца туды ёсьць сэнс толькі дзеля таго, каб канчаткова пераканацца, што незалежнае судовае ўлады ў Беларусі няма. Гаворыць Гары Паганяйла: “Зыск быў заяўлены грамадзянамі ды арганізацыямі абгрунтавана, таму што выданьне гэтае кнігі ёсьць ні чым іншым, як антысэмітызмам, фашызмам, замешаным на грубым расізьме. Гэта чарнасоценная кніга, якая абражае гонар і годнасьць ня толькі гэбраяў, але і ўсіх грамадзянаў Беларусі. Але кніга гэтая – ідэялягічная замова пана Лукашэнкі, які навязвае нам адзінай дзяржаўнай рэлігіяй менавіта праваслаўе. Усе іншыя канфэсіі падвяргаюцца дыскрымінацыі. “Праваслаўная ініцыятыва” і друкуе ў рэчышчы гэтай ідэялёгіі прафашыстоўскія кнігі з тым, каб забясьпечыць ідэялягічную подсьцілку выбраньню на другі тэрмін пана Лукашэнкі”, – гаварыў Гары Паганяйла. Адзін з заяўнікаў зыску Якаў Гутман так пракамэнтаваў рашэньне Менскага гарадзкога суду: “Тое, што адбылося сёньня – гэта не праблема гэбраяў. Антысэмітызм – гэта праблема антысэмітаў. І сёньня гэтая праблема загнаная яшчэ далей і яна будзе працягваць разбурэньне дзяржавы, разбурэньне нацыі, і анічога станоўчага з такім поглядам на жыцьцё аднае з галінаў улады не чакае гэтую дзяржаву. На жаль”. Гэта быў Якаў Гутман. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |