RFE/RL |
Чацьвер, 11 Траўня 2000 |
Сёньня |
(эфір 10 траўня) Ужо тройчы сёлета за мінулыя чатыры месяцы Гомельскае вытворчае ўпраўленьне “Водаканал” уздымала кошты на пітную ваду для жыхароў гораду. Апошнім разам тарыфы праіндэксаваныя на 11,7 адсоткі паводле пастановы міністэрства эканомікі. Гараджане, аднак, не заўсёды ведаюць, якой якасьці ваду яны спажываюць. Прадстаўнікі вадаканалу як манапалісты на забесьпячэньне гораду вадой, а сьледам за імі і мясцовыя начальнікі адказваюць на гэтае пытаньне звычайна так: “Вада у нас чыстая”. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці, паспрабаваў нядаўна адказаць грамадзкі інспэктар па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродку пэнсіянэр Віктар Шувалаў. У аналітычнай запісцы на імя старшыняў абласнога і гарадзкога выканкамаў Мікалая Вайцянкова і Аляксандра Якабсона спадар Шувалаў дакладна праанлізаваў сыстэму водазабесьпячэньня і прыйшоў да высновы, што гораду неабходна прыняць шэраг неадкладных мераў, каб давесьці якасьць пітной вады да санітарна-гігіенічных патрабаваньняў. Грамадзкі інспэктар зьвяртае ўвагу найперш на тое, што нягледзячы на Чарнобыльскую катастрофу і забруджваньне тэрыторыі шкоднымі радыёнуклідамі, паўмільённы горад ледзь не палову вады атрымлівае з адкрытага рачнога водазабору на рацэ Сож. І гэта ў той час, калі праектная магутнасьць існуючых падземных водазабораў складае 171 тыс. кубічных мэтраў вады ў суткі і перавышае сярэдні фактычны расход у 1,2 раза. Вадаканалу эканамічна выгадна падаваць ваду з ракі Сож, і яго кіраўніцтва на чале з Анатолем Тынянкам з маўклівае згоды санэпідслужбы не спяшаецца пераводзіць забесьпячэньне гараджанаў вадою толькі з артэзіянскіх сьвідравін. Між тым ад 3% да 10% пробаў пітной вады, якой забясьпечваецца горад, не адпавядае гігіенічным патрабаваньням перш за ўсё па бактэрыяльных паказчыках. У рацэ Сож неадпаведных пробаў рэгіструецца ажно 22%. Бактэрыяльна забруджаная вада – адна з асноўных прычынаў кішэчных захворваньняў. Летам 1997 году ў сыстэме цэнтралізаванага водазабесьпячэньня бяды нарабіў энтэравірус Экхо-30. Хляраваньне вады ня выратавала горад ад успышкі сярознага менінгіту, якім захварэлі звыш паўтысячы гараджанаў. Рост менінгіту і кішэчных захворваньняў назіраўся і ўлетку мінулага году. Асобная размова – аб забруджваньні вады радыёнуклідамі. У запісцы грамадзкага інспэктара Шувалава маецца даведка з навукова-дасьледчага інстытуту радыялёгіі аб утрыманьні радыёнуклідаў цэзію ў вадаправоднай вадзе. У ёй цэзі-137 складае 2,82 бекерэля на літар. Гэта не перавышае вальготныя беларускія дапушчальныя ўзроўні. А вось у суседзяў на Ўкраіне, адкуль прыйшла чарнобыльская бяда, такая вада ўжо лічыцца радыёактыўна забруджанай. Казімір Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |