RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 11 Траўня 2000

Сёньня



Адной з найбольш пацярпелых ад травеньскіх замаразкаў зьяўляецца сельская гападарка Гарадзеншчыны. Тэмпэратура паветра зьніжалася да 7 градусаў. Лічбы плошчы зьнішчаных і пашкоджаных пасеваў увесь час павялічваюцца.

Абнародаваныя ўчора папярэднія лічбы ўразілі: у вобласьці было зьнішчана і пашкоджана разам 63 тысячы гектараў пасеваў. Учора найгоршым здавалася становішча Ваўкавыскага раёна, сёньня, у першай палове дня, мне ўдалося атрымаць самыя апошнія зьвесткі.

Паводле больш дакладных падлікаў, сытуацыя пагоршылася ўдвая: замест 30 тысячаў гектараў зьнішчанных пасеваў, іх аказалася 56 тысяч, а пашкоджана насамрэч не 33 тысячы гектараў, а 75 тысяч. Агулам, гэта каля чвэрці ад ўсіх пасеваў.

“А будзе яшчэ горш,” – сказаў мне супрацоўнік Аблсельгасхарчу Станіслаў Радзевіч. Рэч у тым, што надвор’е застаецца неспрыяльным для пасеваў, таму пашкоджаныя гектары робяцца зьнішчанымі. Гэты працэс мог бы спыніцца, каб пайшоў дождж, але дажджоў не было месяц і яшчэ не прадбачыцца. Пасевы пачынаюць выгараць. Карацей, страты будуць яшчэ большымі. На сёньняшні дзень, самыя пацярпелыя Воранаўскі і Лідзкі раёны, – там трэба аднаўляць 9 тысяч гектараў і 8 тысяч адпаведна. Паводле словаў спадара Радзевіча, “будуць цяжкасьці з насеньнем”.

А яшчэ больш пацярпелі сенажаці і сады – замаразкі на Гарадзеншчыне здарыліся двойчы: з 2 на 3 траўня і з 7 на 8. Тэмпература ў Ашмянскім раёне зьніжалася да мінус сямі градусаў, а ў Гарадзенскім да мінус шасьці.

Адзінаццатага і дванаццатага абласная метыяслужба прадказвае новыя замаразкі. Спэцыялісты прызнаюцца, што нельга было гэтак рана заканчваць сяўбу, нават грэчку і кукурузу ўжо пасеялі, якія звычайна высяваюцца значна пазьней, хаця, канешне, пацярпелі і азімыя, якіх веснавая сяўба не датычыла. Але імкненьне ажыцьцявіць сёлетнюю сяўбу чым хутчэй было відавочным. Старшыню аблвыканкаму Аляксандра Дубко ў канцы красавіка выклікаў Лукашэнка дзеля справаздачы, і Дубко адрапартаваў: “Шэсьцьдзесят працэнтаў ужо засеялі, хутка ўсё закончым”.

Сяргей Астраўцоў, Горадня


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org