RFE/RL |
Серада, 10 Траўня 2000 |
Сёньня |
Перад візытам ў Вашынгтон украінскага прэм’ер-міністра Віктара Юшчанкі выказваліся песымістычныя меркаваньні адносна вынікаў перамоваў з кіраўніцтвам міжнародных фінансавых арганізацыяў. Менш зручнага і спрыяльнага часу для візыту ў Вашынгтон украінскага прэм’ера Віктара Юшчанкі знайсьці цяжка. Хаця б таму, што ў мінулы чацьвер аналіз дзейнасьці Нацыянальнага Банку Ўкраіны выявіў сур’ёзныя недахопы ў справе грашовага ўліку. Аднак Юшчанка прыляцеў у сталіцу ЗША і, выглядае, задаволены сваімі сустрэчамі. Ён спаткаўся з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам, Дзяржсакратаром Мадлен Олбрайт, кіраўнікамі Ўсясьветнага Банку і Міжнароднага Валютнага Фонду. Цяперашні візыт украінскага прэм’ера ў Вашынгтон мае тры прычыны. Па-першае, ўзьнікла неабходнасьць высьветліць лёс дамоўленасьці, якую кіраўніцтва Ўкраіны і лідэры краінаў “вялікай сямёркі” дасягнулі ў 95-м годзе. Яна тычыцца Чарнобыльскай атамнай станцыі. Украіна пагадзілася зачыніць гэтую АЭС, а індустрыяльныя краіны, адпаведна, паабяцалі дапамогу прыблізна ў два мільярды даляраў. Пакуль што грошы не выдаткаваныя. Абмеркаваньне гэтай тэмы праз месяц мусіць быць працягнутае ў Бэрліне. Другая прычына візыту – імкненьне ўкраінскага прэм’ера пераканаць Міжнародны Валютны Фонд, што ва Ўкраіне адбываюцца эканамічныя і сацыяльныя рэформы. Гэтыя рэформы – умова крэдытаваньня Ўкраіны з боку МВФ. І трэцяя, верагодна, самая галоўная мэта – нармалізацыя ўзаемаадносінаў з Міжнародным Валютным Фондам, якія ўскладніліся ў сувязі з сытуацыяй вакол Нацыянальнага Банку Ўкраіны. Адміністрацыя ЗША прапанавала прэм’еру Ўкраіны паскорыць рэформы ў ягонай краіне. У панядзелак Юшчанка спаткаўся таксама з кіраўніцтвам Міжнароднага Валютнага Фонду. Разам зь ім быў і міністар фінансаў Украіны Ігар Муцюкоў. Учора украінскі прэм’ер-міністар спаткаўся ў Белым Доме з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. Паведамляецца, што абмяркоўваліся аспэкты двухбаковых ўзаемаадносінаў. Магчыма, нават, больш важнай, чым кароткая гутарка з прэзыдэнтам ЗША, была сустрэча з Прэзыдэнтам Усясьветнага Банку Джэймсам Волфенсанам і з новым кіраўніком Міжнароднага Валютнага Фонду Хорстам Кохлерам. У прыватнасьці, пасьля сустрэчы кіраўніцтва Міжнатроднага Валютнага Фонду ў сваім мэмарандуме канстатавала толькі “пэўны прагрэс” у дачыненьні да рэформаў ва Ўкраіне. Як раней адзначалася, у мінулы чацьвер быў абвешчаны аналіз дзеяньняў Нацыянальнага банку Ўкраіны, паводле якога банк шляхам сумнеўных апэрацыяў даваў скажоныя зьвесткі адносна свайго фінансавага стану. Гэта ставіць пад сумнеў 200 мільёнаў даляраў, якія МВФ крэдытаваў Украіне. Пачынаючы з леташняга верасьня, МВФ замарозіў крэдытаваньне ўкраінскай эканомікі, і яно можа быць адноўленае толькі пасьля другой стадыі фінансавага ўдыту, якая чакаецца гэтым летам. Аднак прэм’ер-міністар Юшчанка выказаў спадзяваньне, што працэс аўдыту будзе паскораны. Нягледзячы на некаторыя крытычныя моманты візыту (да прыкладу, рэзкую ацэнку ўкраінскіх рэформаў з боку кіраўніка Ўсясьветнага Банку), прэм’ер-міністар Украіны Віктар Юшчанка ацаніў вынікі свайго знаходжаньня ў Вашынгтоне як аптымістычныя. Сяргей Навумчык
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |