RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 10 Траўня 2000

Сёньня:



Кіраўніцтва нацыянальнае тэлерадыёкампаніі навязвае рэгіёнам экспэрымэнты ў пашэрэньні абласнога тэлевізійнага вяшчаньня.

Звыклую сетку вяшчаньня на рэгіёны складаюць тры расейскія ды адзін беларускі каналы. Да шэрагу мясьцінаў не даходзяць і гэтыя сыгналы, і гледачы вымушаныя задавольвацца дзьвюма, у лепшым выпадку – трыма праграмамі. Але, мяркуючы па ўсім, права на выбар у хуткім часе зьнікне навогул.

Калі бліжэй да восеньскіх выбараў пытаньне з “БТ-2” вырашыцца, адзін з расейскіх каналаў вымушаны будзе саступіць сталую частату. Часьцей за ўсё у якасьці ахвяры называюць неляяльнае да рэжыму Лукашэнкі “НТВ”.

Яшчэ адзін тэлевізійны канал, “Культура”, адпаведным загадам Дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі ўжо аддадзены ў распараджэньне Магілеўскай, Гомельскай і Берасьцейскай студыяў абласнога вяшчаньня. “Культура” вінаватая толькі ў тым, што, паводле меркаваньня чыноўнікаў, мае невысокі рэйтынг. Кім і калі праводзіліся сацыялягічныя апытаньні наконт прыхільнасьці аудыторыі, не ўдакладняецца. Як і тое, які рэйтынг маюць мясцовыя тэлэвізіі.

Глядач каналу “Культура”, безумоўна, спэцыфічны, з адпаведным роўнем адукаванасьці. Тым больш можна зразумець абурэньне людзей, якім замест сымфанічных канцэртаў прапаноўваюць справаздачы пра вываз на палеткі ўгнаеньняў.

Адразу ж пасьля пачатку экспэрымэнтаў у Менск пайшлі лісты ад людзей, якія не жадаюць абмяжоўваюцца культурнымі акцыямі накшталт “Дажынак”. Своеасаблівы рух за спыненьне вяшчаньня абласных студыяў распачала бібліятэкарка аднае з вучэльняў Воршы Ларыса Кліноўская. У калектыўнай пэтыцыі, подпісы пад якой сабрала спадарыня Кліноўская, падкрэсьліваецца: “На жаль, ровень абласное тэлевізіі такі, што ў мэтазгоднасьці яго йснаваньня сумняюцца нават людзі, бясконца далёкія ад каналу “Культура””.

Пасьля некалькіх няўдалых спробаў дастукацца да сталічных чыноўнікаў, Кліноўская ўрэшце атрымала несуцяшальны адказ. Заступнік кіраўніка аддзелу плянаваньня праграмаў дырэкцыі “БТ” Мікалай Пракапчук канстатуе: “…Тэхнічная база Міністэрства сувязі ня мае дастаткова сродкаў, каб дазволіць абласным студыям вяшчаць на асобным канале. Але, – працягвае чыноўнік, – магчыма, праблемы рэгіянальнае тэлевізіі будуць узятыя пад увагу пад час фармаваньня другога нацыянальнага каналу”.

Тым часам разьвіцьцё рэгіянальнае тэлевізіі, паводле спадара Пракапчука, будзе працягвацца. А значыць, і экспэрымэнты таксама. Ёсьць інфармацыя, што кульмінацыяй у дзейнасьці абласнога вяшчаньня стане восень. Менавіта тады электарату будуць прадстаўлены новыя кандыдаты ад улады на месцы ў “Нацыянальным сходзе”. Паводле кампэтэнтных крыніцаў, напярэдадні выбараў ахвярамі тэлевізійнае, так бы мовіць “атакі” наканавана стаць і іншым расейскім каналам. Разьлік на тое, што пэрыфэрыя традыцыйна прамаўчыць.

Дарэчы, у адным зь лістоў да тэлевізійных функцыянэраў Ларыса Кліноўская прапанавала разгледзець варыянт, у адпаведнасьці зь якім абласныя тэлевізіі атрымалі б эфірны час на больш блізкім ім па стылістыцы і ўзроўню прафэсіяналізму беларускім канале. Але на падобны кампраміс кіраўнікі тэлерадыёкампаніі не пагадзіліся.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org