RFE/RL |
Серада, 10 Траўня 2000 |
Сёньня |
(эфір 9 траўня) На Гомельшчыне многія сем’і накіраваліся сёньня ў Чарнобыльскую зону, каб наведаць магілы сваіх крэўных. Паводле зьвесткаў начальніку аддзелу аховы Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку Аляксандра Назаранкі, сёньня ўжо ў перашй палове дня ў выселеныя пасьля Чарнобыльскай катастрофы вёскі толькі з боку Хойнікаў заехала звыш 300 аўтаў. Асаблівая плынь назіралася ў бок былых вёсак Пагоннае і Аравічы. Да пагостаў з крыжамі на магілах продкаў ехалі перасяленцы з усіх канцоў беларускай зямлі, бо катастрофа, ці, як кажуць у народзе, Чарнобыльская вайна, сагнала з родных паселішчаў тысячы людзей. Адміністрацыя зонаў адсяленьня і адчужэньня Камітэта па Чарнобылі пры Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў абвесьціла, што сёньня з нагоды Радаўніцы праезд у Чарнобыльскую зону праз кантрольна-прапускныя пункты дазволены без спэцыяльных прапускоў, а толькі па асабістых дакумэнтах. Дастаткова было паказаць на КПП пасьведчаньне кіроўцы аўтамабіля і можна было выпраўляцца прыбіраць магілу, ставіць памінальную сьвечку па дарагім табе чалавеку. Пры гэтым, аднак, трэба было мець на ўвазе, што пад час добраўпарадкаваньня магілаў, варта прымяняць прасьцейшыя сродкі аховы – марлевыя павязкі, пальчаткі, а яшчэ ўстрымацца ад распальваньня вогнішчаў, каб не дапусьціць пажараў; не было таксама рэкамэндавана сядзець на зямлі, гуляць па лесе, заходзіць на свае падворкі – усюды вялікі ўзровень заражэньня. Людзі тым ня менш едуць у зону. За калючым дротам засталіся 73 пагосты, 47 помнікаў ды абэліскаў над брацкімі магіламі ваяроў ды партызанаў. Некаторыя зь іх, у першую чаргу ў Хойніцкім раёне, прыведзеныя да ладу сіламі працаўнікоў радыяцыйна-экалягічнага запаведніку – прыбранае сьмецьце, папраўленыя агароджы. На большае не хапіла ані сілаў, ані грошай – улады выдзелілі менш за палову неабходных сродкаў. А ў Нараўлянскім і Брагінскім раёнах не было і такое сумы, таму догляд за месцам агульнага пахаваньня цалкам ляжыць на тых перасяленцах, што прыяжджаюць у зону – як сёньня, на Радаўніцу, альбо на Дзяды ўвосень. Казімір Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |