RFE/RL |
Серада, 10 Траўня 2000 |
Сёньня |
Чарнобыльскі цэзі яшчэ 15 гадоў будзе шкодзіць авечкам ў Велікай Брытаніі і ласосю ў Нарвэгіі – папярэдні аптымізм быў завышаны больш як ў 100 разоў. У Беларусі ягады, грыбы і рыба будуць небясьпечныя яшчэ паўстагодьдзя. Такое сэнсацыйнае дасьледаваньне публікуе брытанскі часопіс Nature ў заўтрашнім нумары. Чарнобыльская катастрофа закранула ня толькі Беларусь, Украіну і Расею – радыяцыйныя выкіды стварылі “забруджаныя плямы” ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у Скандынавіі і, нават, у Вялікай Брытаніі. Шмат ў якіх краінах на заражаных тэрыторыях была забароненая ці абмежаваная сельскагаспадарчая дзейнасьць, забаронены збор грыбоў і ягад, а таксама лоўля рыбы. Напрыклад, у Велікай Брытаніі абмежаваньні закранулі 389 фэрмаў, на якіх пасьвяцца 232 тысячы авечак. І скасаваныя гэтыя абмежаваньні будуць ня хутка. “Абмежаваньні на тэрыторыях, заражаных ў выніку Чарнобыльскае катастрофы, неабходна захоўваць да 30 гадоў – значна больш працяглы час, чым меркавалася раней”, – да такой высновы прыйшлі брытанскія і галяндзкія навукоўцы. Гэтыя дадзеныя атрыманыя на падставе вывучэньня наступстваў катастрофы, ў прыватнасьці, працэсу распаду радыёактыўнага цэзію-137. Раней меркавалася, што цэзі-137, самае небясьпечнае рэчыва з выкідаў Чарнобыльскага рэактару, распадзецца даволі хутка, і абмежаваньні можна будзе скасаваць на працягу 15 гадоў пасьля катастрофы. Паводле папярэдніх падлікаў, пэрыяд паўраспаду цэзія-137 павінен быў скласьці ад аднаго да чатырох гадоў. Найноўшыя дасьледаваньні, пра якія паведамляе артыкул ў часопісе Nature, сьведчаць пра іншае – небясьпечны тэрмін паўраспаду складае ад 6 да 30 гадаў. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што калі гэтае радыёактыўнае рэчыва патрапіла не ў паветра, а ў глебу, зьмяшалася зь ёй, то працэс паўраспаду запавольваецца, гэта значыць, што яно будзе несьці небясьпеку больш працяглы час, чым меркавалася раней. Варта адзначыць, што свае вымярэньні брытанскія і галянскія навукоўцы рабілі ў Вялікай Брытаніі і Нарвэггіі, краінах, ня самых забруджаных чарнобыльскімі выкідамі. Але нават ў адносінах да гэтых краінаў яны раяць не адмяняць абмежаваньні на працягу наступных 15 гадоў. У адносінах да Беларусі навукоўцы робяць наступную выснову: “У некаторых рэгіёнах былога СССР забарону на збор ягад і грыбоў і лоўлю рыбы будзе неабходна абмяжоўваць на працягу ня менш як 50-ці наступных гадоў”, – адзначае часопіс Nature. Юры Дракахруст
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |