RFE/RL |
Аўторак, 9 Траўня 2000 |
Сёньня |
Перад міжнароднай супольнасьцю стаіць дылема: ізаляваць рэжым Лукашэнкі ці яго цывілізаваць. Пакуль яна робіць нешта найгоршае, выбраўшы так званую сярэдзіну. З такога цьвержаньня пачынае свой артыкул у чэскай газэце “Mlada Fronta Dnes” чэскі сэнатар Ян Румл. Нагадаем, што Ян Румл разам із сэнатарам Міхаэлам Жантоўскім нядаўна вярнуўся з Беларусі, дзе яны правялі чарнобыльскія дні. З высновамі Яна Румла, выкладзенымі ў яго артыкуле “Двайны падыход да Беларусі”, знаёміць Алена Ціхановіч. “Беларусь у Эўропу, Лукашэнку ў …” (тут румал цытуе ў арыгінале поўны тэкст гэтага лёзунгу), - скандавалі беларускія студэнты ў Менску пад час дэманстрацыі ў дзень гадавіны Чарнобыльскае трагедыі. Мілаш Якеш, колішні сакратар ЦК КПЧ, тут бы па-лукашэнкаўску сказаў: крымінальныя элемэнты выкарысталі агульнанародную трагедыю для палітычных правакацыяў. І ўсё ж Лукашэнка – не Якеш, а Беларусь з Чэхаславакіяй 1989-га году можна параўнаць толькі ўмоўна. Па гэтай краіне, якой наканаваныя цяжкія выпрабаваньні, за апошнія 200 гадоў пракаціліся бадай што усе эўрапейскія войны. За гэты час яна была незалежнай усяго нейкія тры гады. Цяпер тут уладарыць цьвёрды дыктартарскі рэжым усходняга тыпу. Прэзыдэнт з пратэрмінаваным мандатам кіруе дэкрэтамі, маючы ў сваім распараджэньні ім жа самім створаны парлямэнт. Парлямэнт усенародна абраны, быў разагнаны і дзейнічае амаль падпольна. Нелегітымны рэжым масава парушае правы чалавека, робіць з апазіцыйных дзеячоў крымінальнікаў і асабліва беспардонна і гвалтоўна русіфікуе ўсю краіну. Пуцін з Лукашэнкам працуюць над стварэньнем руска-беларускага саюзу і плянуюць разьмясьціць на яго межах з НАТА трохсоттысячную сумесную групоўку. Не выключаецца і выкарыстаньне ракетаў кароткага радыюсу зь ядзернымі боегалоўкамі. На гэтай зямлі, залежнай ад Масквы і былых афіцэраў КГБ, застаюцца толькі астраўкі супраціву. Але, здаецца, усё ж, што прага свабоды і дэмкратыі тут таксама незьнішчальная. Як на сытуацыю ў Беларусі і пагрозу, якая ў сувязі з гэтым зыходзіць, рэагуюць дэмакратычныя краіны? – Пытаецца ў сваім артыкуле чэскі сэнатар Ян Румл. І выказвае меркаваньне: досыць шызафрэнічным спосабам. Чэская Рэспубліка больш на словах асуджае рэжым Лукашэнкі, бо, з другога боку, прадае яму збожжа ў доўг. АБСЭ як бы злавіла вяроўку за два канцы. А паколькі ёй хацелася б мець гэту вяроўку за сабой, то выдумваецца квадратура кола: як зрабіць кастрычніцкія выбары ў Беларусі выбарамі дэмакратычнымі? АБСЭ прапануе вельмі мяккія ўмовы для зьмены выбарчага закону, які не адпавядае нормам палітычнага плюралізму, а таксама выступае пасярэднікам у няроўным псэўдадыялёгу паміж рэжымам і апазіцыяй. Калі апазіцыю зьбіваюць на дэманстрацыях, то цяжка весьці дыялёг. Апазыцыя ў сваёй бошльшасьці добра ведае, што прыняць удзел пры ўмовах, калі нават выбраны парлямэнт ня мае ніякіх шанцаў нешта вырашаць, – удзел у выбарах у такой сытуацыі толькі легітымізуе таталітарную сыстэму. А гэта Лукашэнку у першую чаргу трэба. Перад міжнароднай супольнасьцю стаіць дылема – ізаляваць рэжым Лукашэнкі ці яго цывілізаваць. Пакуль што яна, супольнасьць, не робіць ні першае, ні другое. Робіць найгоршае – нешта пасярэдзіне. Прадстаўнікі АБСЭ гавораць, што сытуацыя не абмалёўваецца толькі чорнай фарбай. Дык што, трэба, каб Лукашэнка насадзіў галовы сваіх праціўнікаў на калы, каб нарэшце споўніліся ўсе крытэры цемрашальства? Такім чынам, аўтарытарызм, падмацаваны гвалтам і куды больш аддалены ад якойсьці шызафрэніі ці дваякасьці, на што даўно пакутуе дэмакратыя, гэты аўтарытарны рэжым пачынае пажынаць плады нашай нерашучасьці. Толькі моцны палітычны і эканамічны ціск на беларускі рэжым, а разам з тым і на Расею, якая сваю практыку генацыду не абмяжоўвае толькі Чачнёю, толькі сапраўная падтрымка апазыцыі і непрыняцьцё ўсялякага парушэньня правоў чалавека могуць паўплываць на стан справаў у Беларусі карэнным чынам. Але дзеля гэтага заходнія дэмакратыі павінны ўстаць з двух крэслаў і пачаць нешта рабіць. Пасьля вопыту з Балканамі гэта не было б так цяжка. Сваёй бязьдзейнасьцю дэмакратыя таксама шкодзіць сваім уласным пазіцыям. Ян Румл заканчвае свой артыкул тым жа лёзунгам, якім яго і пачаў – лёзунгам, прывезеным з менскага Чарнобыльскага Шляху. Іншая чэская газэта – тыднёвік Respekt, таксама прысьвяціла свае старонкі нядаўняму візіту чэскіх сэнатараў на Беларусь. Газэта адзначае, што па вяртаньні зь Менску абодва ўплывовыя палітыкі – Ян Румл і Міхаэл Жантовскі, вырашылі праблемамі Беларусі заняцца практычна. Так, зараз рыхтуецца рэзалюцыя па Беларусі, якая будзе прапанаваная парлямэнту. Акрамя таго, яны маюць намер запрасіць з візытам у Прагу прадстаўнікоў разагнанага парлямэнту, беларускай апазыцыі, ініцыяваць кампанію дапамогі дзецям палітычных вязьняў Беларусі, а таксама ўсталяваць некалькі чэскіх стыпендыяў для студэнтаў зь Беларусі. Алена Ціхановіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |