RFE/RL |
Аўторак, 9 Траўня 2000 |
Сёньня |
На працягу ХХ стагодзьдзя нямецкая армія была адной з галоўных ваенных сілаў у сьвеце. Менавіта з яе дапамогай нямецкія лідэры развязалі першую і другую Ўсясьветныя войны. Пасьля ж другой Усясьветнай вайны ў Заходняй Нямеччыне рабіліся, і не бяз посьпеху, спробы назаўсёды зьмяніць мілітарысьцкі, агрэсыўны характар нямецкай арміі. Пасьля ж краху камунізму і аб’яднаньня Нямеччыны перад нямецкай арміяй паўсталі новыя заданьні. Якія? Які сёньняшні стан нямецкага войску? Нямеччына рыхтуецца да правядзеньня ваеннае рэформы. У адпаведнасьці з плянамі рэфармаваньня арміі, яе колькасны склад скароціцца амаль на траціну. Будзе скасаваны ўсеагульны вайсковы абавязак, жаўнеры пачнуць больш зарабляць. Плян правядзеньня ваеннай рэформы зьявіўся ў выніку амаль двухгадовай працы спэцыяльнай урадавай камісіі на чале з былым прэзыдэнтам краіны Эрыхам фон Вайтцэкэрам. Паводле гэтага пляну колькасьць арміі скароціцца з 320 тыс. жаўнераў да 240 тысячаў. Пры гэтым колькасьць прафэсыйных жаўнераў ня зьменіцца. А з 400 тыс. маладых людзей, якія штогод падлягаюць усеагульнаму вайсковаму абавязку, ў войска будзе прызывацца толькі 30 тысячаў. Плянуецца, што прызыўнікі будуць атрымліваць амаль такую самую заработную плату, як і прафэсійныя жаўнеры. І гэта павінна зрабіць вайсковую службу нагэтулькі прывабнай, што набор прызыўнікоў у армію будзе адбывацца на падставе конкурсу. Ангельская газэта “Times” у сваім камэнтары на тэму ваеннай рэформы ў Нямеччыне піша, што пляны рэфармаваньня нямецкага войска, распрацаваныя пад націскам кіраўніцтва НАТА, якое зацікаўленае ў яе большай эфэктыўнасьці. Сёньня толькі каля 50 тысячаў нямецкіх жаўнераў здольныя ўдзельнічаць у вайсковых міратворчых апэрацыях НАТА па-за межамі Нямеччыны. Згодна з плянамі рэформы, гэты кантынгент павялічыцца да 140 тыс. жаўнераў. Адначасна колькасьць вайсковых чыноўнікаў скароціцца з 80 да 40 тыс. чалавек. НАТА зацікаўленае ў пераўтварэньні нямецкай арміі ў эфэктыўнае войска, здольнае выконваць агульныя місіі Паўночна-атлянтычнага саюзу. Дасюль жа пасьляваенная немецкая ваенная дактрына разглядала армію перш за ўсё ў якасьці месьца выхаваньня ў моладзі пачуцьця грамадзянскай адказнасьці, а не ў якасьці ваеннай сілы, якая дзейнічае далёка па-за межамі краіны. “Чалавек у мундуры” павінен быў быць такім самым важным элемэнтам дэмакратычнага грамадзтва, як і іншыя яго атрыбуты. У немецкім войску шырока выкарыстоўвалася практыка альтэрнатыўнай службы. Штогод тысячы прызыўнікоў накіроўваліся ў шпіталі, дамы старых людзей і розныя прытулкі, каб там выконваць свой грамадзкі абавязак. У нямецкай арміі дазваляліся даўгія валасы пад варункам, што яны сабраныя ў пучок, жаўнеры таксама самі абіралі сабе часткі, дзе хацелі служыць. Цяпер жа амаль цалкам прафэсійная армія павінна ў значнай ступені скончыць з падобнымі практыкамі. Нямецкі парлямэнт – бундэстаг – будзе да 23 траўня абмяркоўваць праект гэтай рэформы, але ўжо цяпер у краіне даволі гучна гучаць галасы пратэсту супраць яе ажыцьцяўленьня. Апазыцыйная партыя Хрысьціянскіх дэмакратаў ужо заявіла, што будзе актыўна змагацца супраць яе. Кіраўніцтва партыі лічыць, што яна супярэчыць поглядам бальшыні нямецкага народу, а таксама зьяўляецца антыканстытуцыйнай. Не выказвае энтузыязму ў адносінах да яе і сацыял-дэмакратычны міністар абароны Нямеччыны Рудольф Шарпінг. Але найбольш негатыўную пазыцыю заняла сама нямецкая армія. Аб’яднаньне прафэсійных жаўнераў бундэсвэру ў спэцыяльнай заяве назвала яе “значным крокам ў дрэнным кірунку”. На думку кіраўніцтва гэтай арганізацыі адмова ад прызыву можа парушыць галоўныя канстытуцыйныя правы нямецкіх грамадзянаў, а таксама спрычыніцца да зьніжэньня баяздольнасьці арміі. Ёсьць небяспека, што ў армію пойдуць служыць тыя, каму папросту больш няма куды ісьці. Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |