RFE/RL |
Панядзелак, 8 Траўня 2000 |
Сёньня |
8 траўня – Усясьветны дзень Чырвонага Крыжа й Чырвонага Паўмесяца. У Менску ён быў адзначаны грамадзкай акцыяй. Ладзіў акцыю Беларускі Чырвоны Крыж пры садзеяньні менскага прадстаўніцтва Міжнароднае Фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа. Праходзіла яна ў сталічным парку імя Горкага. Вось што распавёў нашаму радыё пра гэтую акцыю прэзыдэнт нацыянальнага таварыства Антон Раманоўскі: (Раманоўскі: ) “Сёньня мы, прафэсыйныя работнікі Беларускага Чырвонага Крыжа, актывісты, сабраліся для таго, каб правесьці гэтае сьвята. Мы працуем самастойна, нам ужо ня трэба аглядацца на Маскву”. (Карэспандэнт: ) “Хто сёлета аказаў дапамогу Нацыянальнаму камітэту ЧК?” (Раманоўскі: ) “Мы зьбіраем, як кажуць, па капейцы і дзякуючы гэтаму дапамагаем абяздоленаму насельніцтву. Людзям, якія захварэлі на сухоты летась, мы далі мэдыкамэнты”. (Карэспандэнт: ) “Гэта наогул вялікая праблема – сухоты ў Беларусі?” (Раманоўскі: ) “Так, гэта вялікая праблема. Праўда хвароба зараз стабілізуецца. Мы, на жаль, выйшлі на вельмі высокі ўзровень захворваемасьці на сухоты, які ў 5-6 разоў вышэй, чым у Заходняй Эўропе”. (Карэспандэнт: ) “Чаму, на Вашую думку?” (Раманоўскі: ) “Гэта зьвязана і з эканамічным бокам, а таксама і з тым, што праблема патрабуе значна больш увагі. Трэба праводзіць прафілактычныя агляды. Вялікі наш клопат – рост колькасьці выпадкаў сухотаў у турмах”. (Карэспандэнт: ) “Арганізацыя Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца змагаецца з беднасьцю. Паводле дадзеных Фэдэрацыі прафсаюзаў у Беларусі 50 адсоткаў насельніцтва – бедныя. На ваш погляд, ці стварае гэта Вам нейкія цяжкасьці?” (Раманоўскі: ) “Канешне. Мы паказваем, што мы адна з арганізацыяў, якая можа аказваць такую дапамогу з дапамогай сусьветнай супольнасьці”. – зазначыў Антон Раманоўскі. Акцыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сабрала даволі шмат люду. Многія прыйшлі, спадзеючыся на дабрачынную дапамогу. У іх ліку быў і мой наступны суразмоўца: (Цыркун: ) “Я Цыркун Эдуард Міхайлавіч. Я ўважаю сябе самым-самым бедным чалавекам. У мяне жонка – інвалід першай групы, я – інвалід другой групы”. (Карэспандэнт: ) “Як Вы думаеце, ад чаго ў Беларусі беднасьць?” (Цыркун: ) “Таму што кругом усе крадуць – ад вялікіх начальнікаў да самых маленькіх. Кожны дзень усё даражэе. Прадукты асабліва. Ці можна пражыць на пэнсію ў 8,5 мільёны?” (Карэспандэнт: ) “Калі ў Беларусі будуць выбары, Вы будзеце галасаваць за гэтую ўладу ці не?” (Цыркун: ) “Не”. (Карэспандэнт: ) “Чаму?” (Цыркун: ) “Я ня бачу ў гэтай уладзе справядлівасьці. Каб яны спачатку інвалідам дапамаглі, а пасьля сабе дачы будавалі і кашалькі набівалі”, – сказаў нашаму радыё жыхар Менску Эдуард Цыркун. Падвесьці вынікі сёньняшняй акцыі я папрасіў аднаго з супрацоўнікаў менскага прадстаўніцтва Міжнароднае Фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа Сяргея Невяркевіча: (Карэспандэнт: ) “Як прадстаўніцтва Міжнароднага Чырвонага Крыжа і чырвонага Паўмесяца ацэньвае дзейнасьць нацыянальнага камітэту?” (Невяркевіч: ) “Беларускі Чырвоны Крыж – вельмі малады. Нашая роля – дапамагчы Беларускаму Чырвонаму Крыжу пабудаваць гэты будынак так, каб ён быў падобны на тыя, якія ўжо зробленыя ва ўсім сьвеце. Інакш кажучы, дапамагчы БЧК дасягнуць міжнародных стандартаў”. – сказаў спадар Невяркевіч. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |