RFE/RL |
Панядзелак, 8 Траўня 2000 |
Сёньня: |
Два дні запар – учора й сёньня – у Маладэчне праходзіў дабрачынны канцэрт-акцыя 12 нацыянальных рокавых гуртоў пад агульнай назваю “Рок-немаўля-2000 – дзецям”. Дазволу на правядзеньне акцыі ягоныя арганізатары – Маладэчанская гарадзкая рада ТБМ і мясцовы маладзёвы клюб “Грунвальд” – дамагаліся ад тутэйшых уладаў каля двух гадоў. Учора ўвечары перад пачаткам канцэрту-акцыі “Рок-немаўля-2000 – дзецям” адбылася імправізаваная прэсавая канфэрэнцыя. Вось як патлумачыў старшыня Маладэчанскае гарадзкое рады ТБМ Сяргей Юркевіч тую акалічнасьць, што мясцовы гарадзкі выканаўчы камітэт толькі праз два гады пасьля першае заяўкі санкцыянаваў правядзеньне згаданай акцыі: (Юркевіч: ) “Я думаю, гарадзкія ўлады проста забаяліся распачынаць новы канфлікт. Таму што гэта быў бы вялікі скандал, бо мы падключылі да гэтае справы праваабарончыя арганізацыі. У тым ліку праваабарончы цэнтар “Вясна”, Беларускі Гэльсынскі камітэт. Накіравалі адпаведныя скаргі ў Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ. І толькі пасьля гэтага ўсё ж такі (і тое – перад зыходам у адстаўку) наш былы мэр Станіслаў Татарыновіч даў дазвол. Паводле такога прынцыпу: пасьля мяне хоць патоп”. Гэта быў старшыня Маладэчанскае гарадзкое рады ТБМ Сяргей Юркевіч. У кіраўнікоў гуртоў свае праблемы. Гаворыць Віталь Уфаркін, маладэчанская група “Аўтаномія”: (Уфаркін: ) “Мы дамагаліся ўсяго самі. Пачыналі з аднаго провада, які быў куплены на асабістыя грошы… У нас толькі свае інструмэнты, але яны ва ўзроўню не выходзяць на эўрапейскі ровень”. Учора група міліцыянтаў з маладэчанскага гарадзкога аддзелу АБЭП прыкладна за гадзіну да пачатку канцэрту завітала да арганізатараў. На маіх вачох адмыслоўцы ў выкрыцьці злодзеяў, хабарнікаў і розных махляроў наладзілі ператрус фінансавае дакумэнтацыі акцыі ды працяглы час зьлічвалі колькасьць прададзеных гледачам квіткоў з колькасьцю атрыманых за тое грошай. Аніякіх злоўжываньняў не выявілі. Нарад міліцыянтаў сачыў і за парадкам у перапоўненай залі. Таму гледачы, якія прынесьлі з сабою гістарычныя беларускія сьцягі, не адважыліся вітаць сваіх улюбёнцаў нацыянальнай сымболікаю. Учора адмысловае журы вызначыла сярод маладых рок-гуртоў тых, чые песьні ды выкананьне заслугоўваюць запісу Беларускай музычнай альтэрнатываю на адмысловых кампакт-дысках і аўдыёкасэтах. Гэткім стаўся гурт са Слуцку “Small Sound” пад кіраўніцтвам Міколы Русака. Сёньня дабрачынная рокавая акцыя завяршылася. Перад гледачамі выступілі сталыя гурты “Крама”, “Буркіна Фасо” , “Постскрыптум” ды іншыя. На патрэбы лячэньня маладэчанскіх дзяцей-інвалідаў пералічана некалькі дзясяткаў тысячаў беларускіх рублёў. Алесь Мікалайчанка, Маладэчна
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |