RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 8 Траўня 2000

Сёньня:



І па сёньняшні дзень на ўсёй тэрыторыі Беларусі ў мясьцінах былых баёў не пахаваныя сотні тысячаў парэшткаў салдатаў, якія загінулі ў Другую Ўсясьветную вайну. Вызначэньне прозьвішчаў, пахаваньне і ўшанаваньне іхнае памяці дагэтуль не зрабілася клопатам дзяржавы.

Адная зь нямногіх у Беларусі грамадзкіх арганізацыяў, якая займаецца пошукам і ўшанаваньнем памяці салдатаў мінулае вайны (незалежна ад таго, на чыім баку яны ваявалі) – спартова-тэхнічны клюб “Марская Школа”. Мы зьвярнуліся да дырэктара гэтае школы Аляксандра Бягуна з просьбаю распавесьці пра гэтую праблему:

(Бягун: ) “Пад час нашых экспэдыцыяў мы намагаемся пахаваць парэшткі загінуўшых салдатаў. Для нас ня мае значэньня, да якой арміі належаў той ці іншы салдат, бо кожны чалавек мае права на магілу. Ня трэба глядзець – ці гэта немец, ці беларус, ці расеец, ці гішпанец – іх трэба ўсіх пахаваць па-людзку, каб дзеці не гулялі чарапамі палеглых у футбол, бо ёсьць і такія выпадкі. І гэта ўжо зусім дзікунства.

Акрамя таго, цяпер яшчэ зьявіліся й марадзёры, якія раскопваюць магілы, забіраюць жэтоны, дакумэнты, асабістыя рэчы і, такім чынам, зьнішчаюць памяць. Потым ужо немагчыма высьвятліць ня толькі прозьвішчы нябожчыкаў, а і які гэта салдат – савецкі ці нямецкі…”

Аляксандар Бягун распавёў далей:

“…У Беларусі ёсьць адзін вайсковы баталён, які займаецца зборам вайсковае тэхнікі. Яны займаюцца й пахаваньнем салдатаў, якіх знаходзяць у танках і самалётах. Але гэтага недастаткова, бо трэба перазахаваць сотні тысячаў людзей, а на гэта патрэбныя сродкі.

Зараз Нямеччына выдаткоўвае сродкі на пахаваньне і нямецкіх салдатаў, і ўсіх іншых, але Савет міністраў пакуль не пагаджаецца на гэта, бо ёсьць перашкоды з боку вэтэранскай арганізацыі. Савет вэтэранаў катэгарычна супраць, каб былі пахаваныя несавецкія салдаты.

Я, канешне, паважаю вэтэранаў, але не магу пагадзіцца з такой пазыцыяй. Мы знайшлі адно мейсца, дзе шмат парэшткаў італьянцаў, якіх расстралялі фашысты за тое, што яны адмовіліся страляць у мірных жыхароў. Іх родныя, відаць, атрымалі ў свой час “пахаванкі” і дагэтуль ня ведаюць, дзе мейсца іхнае гібелі.

Ды й немцы былі розныя. І ў рэшце рэшт, перад сьмерцю ўсе роўныя”, – распавёў для “Радыё Свабода” дырэктар “Марское Школы” Аляксандар Бягун.

Парэшткі сотняў тысячаў людзей, якія загінулі ў Другую Ўсясьветную вайну, ляжаць у беларускай зямлі. Улады нічога не робяць дзеля таго, каб пахаваць іх па-людзку і ўшанаваць памяць. Затое штогод да Дня Перамогі знаходзяцца грошы на пампэзныя парады й сьвяточныя фэервэркі.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org