RFE/RL |
Панядзелак, 8 Траўня 2000 |
Сёньня |
Пасьля афіцыйных папярэджаньняў дзьвюм расейскім газэтам – “Коммерсантъ” і “Новая газета” за публікацыю інтэрвію з чачэнскім прэзыдэнтам Асланам Масхадавым, расейскія пракуроры цяпер гавораць пра тое, што хочуць задаць пытаньне журналістам, якія гэтыя інтээрвію зрабілі. Пракуроры заявілі, што плянуюць дапрасіць карэспандэнтаў “Камэрсанту” і “Новай газэты”. Судовыя абвінаваўцы абвесьцілі гэта на мінулым тыдні, 4-га траўня пасьля таго, як расейскае міністэрства сродкаў масавай інфармацыі афіцыйна папярэдзіла выданьні за зьмяшчэньне інтэрвію з Асланам Масхадавым. Кіраўнік Галоўнай пракуратуры Паўночнага Каўказу Юры Бірукоў заявіў, што рэпарцёр “Камэрсанту” Муса Муратаў і журналіст “Новай газэты” Віктар Папковіч будуць дапытаныя. Ён паведаміў, што фармальны допыт будзе праводзіцца як частка бягучай крымінальнай справы супраць Масхадава. Чачэнскі лідар, нагадаю, абвінавачваецца ў арганізацыў узброенага паўстаньня. Перад сакавіцкімі прэзыдэнцкімі выбарамі Міністэрства друку абвесьціла, што любыя інтэрвію з чачэнскімі лідарамі, якія зьявяцца ў расейскіх ці замежных смі, якія дзейнічаюць на расейскай тэрыторыі, як парушэньні Закону аб тэрарызьме. Масква пастаянна адказнасьць за вайну ў Чачні накладае на тых, каго яна называе бандытамі і тэрарыстамі. Намесьнік міністра сродкаў масавай інфармацыі Міхаіл Сеславінскі пазьней патлумачыў гэтую забарону і заявіў, што расейскія журналісты могуць сустракацца з чачэнскімі лідарамі і браць інтэрвію, але не распаўсюджваць матар’ялы, якія б “апраўдвалі” тэрарыстаў ці “спрычыняюцца” да тэрарыстычных дзеяньняў. Расейскія маніторынгавыя групы крытыкуюць гэтую сытуацыю і іншыя крокі Міністэрства сродкаў масавай інфармацыі ад пачатку яго заснаваньня ў мінулым годзе. Робэрт Колсэн – праграмы дырэктар няўрадавай арганізацыі Нацыянальнага інстытуту прэсы, сядзіба якога ў СанктПецярбургу і які падтрымоўвае незалежную прэсу заявіў, што Міністэрства дзейнічае прадузята і выбарачна і пазбаўляе журналістаў права працаваць прафэсыйна. Працягвае Робэрт Колсэн: “Любімы спосаб Міністэрства сродкаў масавай інфармацыі ў дачыненьнях з прэсай – гэта сыстэма папярэджаньняў. Гэтая сыстэма дзейнічала і пад час прэзыдэнцкіх выбараў. Замест таго, каб выкарыстоўваць легальную сыстэму прэцэдэнтаў, Міністэрства ўжывае папярэджаньні. Закон, які кантралюе так званых тэрарыстаў ці забараняе браць інтэрвію з так званымі тэрарыстамі і іх распаўсюджваць – гэты закон вельмі цьмяны, напісаны невыразна і наўмысна. У сапраўднасьці гэта не закон, а дэкрэт”. Паводле дырэктара Нацыянальнага інстытуту прэсы Колсэна, пастанова Міністэртва два месяцы назад – выдаць папярэджаньні – гэта была частка кампаніі запалохваньня сродкаў масавай інфармацыі, якія асьвятлялі чачэнскую вайны не ў адпаведнасьці з крамлёўскай лініяй. Робэрт Колсан заявіў, што дзеяньні супраць “Камэрсанту” і “Новай газэты” маюць тую ж мэту: “Сапраўдны эфэкт папярэджаньняў – і гэты ў асноўным бюракратычны перасьлед – паказаць іншым выданьням, што й супраць іх могуць быць выкарыстаныя такія захады ў любы час. Менш моцныя выданьні вельмі гнуткія ў падобных сытуацыях. Што вядзе да самацэнзуры”. Гаварыў праграмны дырэктар Нацыянальнага інстытуту прэсы Робэрт Колсэн. Вольга Караткевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |