RFE/RL |
Панядзелак, 8 Траўня 2000 |
Сёньня: |
Такое ўражаньне, што сёньня ў Менску ўсе гавораць толькі пра хакэй. Першая ў гісторыі сусьветных чэмпіянатаў перамога нацыянальнае каманды Беларусі над супернікамі з Расеі стала прадметам гонару, захапленьня, дыскусіяў. Самыя зацятыя заўзятары маглі перажыць гэтую надзвычайную перамогу двойчы: спачатку, калі глядзелі жывы рэпартаж Беларускае тэлевізіі, ды яшчэ раз позна ўвечары, калі запіс гульні трансьлявала расейская тэлевізія. Але шмат каму й гэтага падалося мала. Напрыклад, дэпутат Павал Знавец, які паталефаніў мне дахаты, адараваўшыся ад тэлевізара пад час рэклямнае паўзы, цікавіўся, ці будзе яшчэ паўтор гэтае гульні. “Здаецца б, глядзеў на нашую перамогу бясконца”, – хваляваўся ён. Чым бы цяпер ні скончыўся чэмпіянат для беларускіх хлопцаў, папрокаў у іх бок пасьля ўчорашняга трыюмфу ўжо ня будзе. Спорт на такім фантастычным роўні часам закранае душэўныя струны любога чалавека. Вось і камэнтатар Беларускае тэлевізіі Ўладзімер Навіцкі пачынаў свой рэпартаж на роднай, беларускай мове. Але яшчэ ў сярэдзіне першага пэрыяду перайшоў на мову расейскую. А сканчаў рэпартаж зноўку па-беларуску. Патлумачыў – нельга пра такую перамогу казаць па-расейску. Вось вам і афіцыйны журналіст. Гэтак званую “карцінку” (гэта значыць, кадры, якія траплялі на экран) выбіралі расейскія рэжысэры й апэратары. Гэта звычайная практыка, калі эфір абслугоўваюць спэцыялісты тае краіны, у якой праводзіцца чэмпіянат. А таму дзеля ўпрыгожваньня рэпартажу яны ахвотна паказвалі групу беларускіх заўзятараў на трыбунах новага санкт-пецярбургскага Палацу спорту. Прыхільнікі беларускае зборнай натхнялі яе вялізарным бел-чырвона-белым
сьцягам і яшчэ некалькімі сьцягамі меншага памеру. А калі ў гонар перамогі
беларускіх спартоўцаў на флагштоку пачалі ўздымаць афіцыйны сьцяг, беларускія
заўзятары разгарнулі свой бел-чырвона-белы ў вэртыкальны стан і ён такім
чынам як бы ўзьняўся над лукашэнкавым. І гэта пабачылі ўсе, хто знаходзіўся
ў гэты час у палацы, і хто глядзеў за гульнёю па тэлевізіі.
Якія шанцы цяпер у нашай каманды працягнуць барацьбу на ўсясьветным пяршынстве? На жаль, яна прывязаныя да вынікаў камандаў Швайцарыі ды Латвіі. Калі спартоўцы з Балтыі перамагаюць швайцарцаў, тады хакэістам Беларусі патрэбна таксама 9 траўня выйграваць у той жа Швайцарыі. У такім выпадку будзе магчымасьць працягнуць барацьбу на наступным этапе пяршынства, у сэрыі play-off. А вось калі хакэісты з Альпаў возьмуць верх над латышамі або нават згуляюць зь імі ў нічыю, тады беларусам, на жаль, няма за што далей змагацца, паколькі шмат згублена ў папярэдніх сустрэчах. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |