RFE/RL |
Панядзелак, 8 Траўня 2000 |
Сёньня |
Учора ў маскоўскім Крамлі адбылася інаўгурацыя новага прэзыдэнта Расеі Владзіміра Пуціна. “Стыль Пуціна застаецца загадкаю” – гэтак называецца артыкул у сёньняшнім нумары “Washington Post”. Свой артыкул аглядальнік “Washington Post” Дэніэл Вільямс пачынае з параўнаньня: “Пуцін нагадвае актора, які пад час прадстаўленьня зьяўляецца ў розных абліччах. То ён лётае на баявым зьнішчальніку над Чачнею, то апрануты ў строй падводніка спускаеца на субмарыну, то ён займаецца барацьбой дзю-до, то катаецца на лыжах ў паўднёвых гарах. Ён нават езьдзіць на трактары. Ягоныя шматлікія зьмены абліччаў спарадзілі новы род крэмліналёгіі, калі расейцы спрабуюць уведаць накірункі будучай палітыкі, аналізуючы пуцінскія спэктаклі. Гэта тлумачыцца тым, што за 4 месяцы выкананьня абавязкаў прэзыдэнта Пуцін ніяк не раскрыў свае пляны, што ён зьбіраецца рабіць у эканоміцы і палітыцы. Аглядальнік “Washington Post” спасылаецца на думку маскоўскага аналітыка Андрэя Піянткоўскага, які гаворыць: “Сымбалізм дагэтуль адыгрывае цэнтральную ролю ў паводзінах Пуціна. Але дзе ж сутнасьць?” Амаль ўсе згаджаюцца з тым, што Пуцін захапляецца войскам. Ён цалкам падтрымаў ваенныя дзеяньні ў Чачні, якія сталі сымбалем Пуціна, ён зьвязвае ўсе беды Расеі зь яе паразаю ў спробах вярнуць Чачню пад кантроль Масквы. У красавіку, пад час візыту Пуціна на Паўночны Флёт у ягоны гонар адбыўся вучэбны пуск дзвюх балістычных ракетаў. Праз некалькі дзён у гонар перамогі над Нямеччынаю ў Другой Усясьветнай вайне Пуцін арганізуе на Краснай плошчы маштабны парад, якога яшчэ ня бачыла постсавецкая Расея. Аутар артыкулу ў “Washington Post” Дэніэл Вільямс лічыць, што для расейцаў у зьменах вобліку, ў пераапрананьнях Пуціна няма нічога новага. Такія паводзіны былі ўласьцівыя расейскім царам і генэральным сакратарам кампартыі. Але яны рэзка кантрастуюць са стылем яго папярэдніка, Барыса Ельцына, які ня быў рамантыкам мілітарызму. На самой справе кантраст больш глыбокі. Ельцын імкнуўся ўсталяваць дэмакратыю, хаця і зь невялікім посьпехам. Ён таксама адстойваў талерантнасьць ў расейскім шматэтнічным грамадзтве. Пуцін спрабуе паправіць свой імідж пры дапамозе дэмакратычнай рыторыкі. Маючы на ўвазе наступ крыміналу і адсутнасьць парадку, ён кажа, што краіна павінна кіравацца “дыктатураю закону”. Але сярод лібэралаў гэтыя словы выклікаюць трывогу. Дэніэл Вільямс спасылаецца на меркаваньне Паўла Фінгельгаўэра, аглядальніка газэты “Москоу Таймс” , паводле якога “падаецца ўсё больш і больш верагодным, што пуцінская “дыктаура закону” будзе звычайнай дыктатурай, дзяржавай з панаваньнем сакрэтнай паліцыі, дзе законам стане сам Пуцін і ягоная адміністрацыя”. На мінулым тыдні пад час сmвяткаваньня перамогі над нацызмам на Прохараўскім полі ў Белгарацкай вобласьці Пуцін гаварыў пра перамогу “славянскіх народаў”, відавочна забыўшыся, што Чырвоная армія ўключала ў сябе прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў. “Расейскі журналіст Яўгенія Альбац бачыць ў словах Пуціна вяртаньне сталінскага пасьляваеннага курсу на першынство славянаў”, – піша “Washington Post”. Нават у самой працэдуры інаўгурацыі наглядальнікі бачаць штрыхі да партрэту рэальнага Пуціна. Інаўгурацыя адбывалася ў Крамлеўскім палацы, а не ў Палацы зьездаў, дзе ў 1996 годзе праходзіла інаўгурацыя Ельцына. На думку некаторых назіральнікаў, Пуцін ужо бачыць сябе на царскім троне. На заканчэньне артыкулу Дэніэл Вільямс прыгадвае нядаўнюю публікацыю ў расейскай газэце “Коммерсантъ”. “Коммерсантъ” надрукаваў нутраны крамлёўскі дакумэнт, які сьведчыць аб тым, што Пуцін мае намер адзінаасобна кіраваць Расеяй з Крамля, што роля прэм’ера і щраду будуць зьніжаныя. Сам расейскі лідэр называе гэта “рэальным кантролем над палітычным працэсам”, – адзначае аглядальнік “Washington Post” Дэніэл Вільямс. Юры Дракахруст
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |