RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 8 Траўня 2000

Сёньня



Супольную талаку ды супольную малітву заклікае правесьці заўтра, 9 траўня, у Курапатах моладзевая структура “Эўрапейскі Шлях”.

Гэтых людзей, забітых савецкімі энкавэдзістамі ў лясным урочышчы Курапаты пад Менскам, бязьвінна пакаралі двойчы – спачатку зьнішчыўшы фізычна, а потым мэтадычна зьнішчаючы памяць пра іх.

Ад часу публічнага агалошаньня пра гэтае мейсца масавае трагедыі беларускага народу мінула ўжо дванаццаць гадоў, аднак велізарны курапацкі могільнік так і ня стаў за гэты час мейсцам усеагульнае людзкое памяці. Няма тут помніка забітым, няма аховы мейсцаў іх апошняга спачыну. Безымянныя брацкія магілы раскопваюць рабаўнікі-вандалы, а жыхары бліжэйшых мікрараёнаў сталіцы выгульваюць на палітай крывёю ахвяраў сталінізму зямлі сабак, наладжваюць між параскіданых костак пікнікі.

Грамадзкае аб’яднаньне памяці продкаў “Мартыралёг Беларусі” рэгулярна ладзіць упарадкаваньне курапацкіх магілаў. Апошні раз ягоныя актывісты прыбіралі тут напачатку вясны. Аднак прайшло зусім мала часу, як напярэдадні Радаўніцы выявілася, што курапацкае ўрочышча зноў занядбанае.

Моладзевая ініцыятыва “Эўрапейскі Шлях”, актывісты якое пабывалі ў Курапатах днямі, заклікае ўсіх, каму дарагая памяць бязьвінных ахвяраў савецкае рэпрэсіўнае машыны, зладзіць заўтра ў Курапатах талаку.

Гаворыць адзін з каардынатараў “Эўрапейскага Шляху” Аляксей Фралоў:

(Фралоў: ) “У сьветлы дзень памінаньня продкаў, на Радаўніцу кожны з нас накіроўваецца на могілкі каб узгадаць свой род, памаліцца, прыбраць магілку, запаліць сьвечку. Тым часам, у кожнага народу ёсьць месцы агульнанацыянальнай памяці. Для беларусаў такім месцам зьяўляюцца Курапаты. Як вядома, там спачываюць сотні тысячаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1937-41 гадоў. Згуртаваньне беларускай моладзі “Эўрапейскі шлях” прапануе разам 9 траўня наведаць Курапаты і прыбраць тэрыторыю гэтых пахаваньняў. Тэрыторыя, як вядома, лясістая, і жыхары суседніх раёнаў, што ня ведаюць гісторыі Курапатаў, а можа і не цікавяцца ёй, часта выгульваюць там сабакаў, выкідаюць рознае сьмецьце. Таму патрэбныя даволі частыя прыборкі гэтай тэрыторыі. Добра, каб тыя, хто прыйдуць, узялі з сабой некі рыштунак”.

Да сказанага Аляксеем Фраловым дадамо, што талака ў Курапатах пачнецца заўтра а 14-й гадзіне. Пасьля таго, як магілы будуць прыбраныя, удзельнікі талакі зладзяць у Курапатах супольную малітву памяці.

Валянціна Аксак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org