RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 5 Траўня 2000

Сёньня



Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі завершыцца перамогай – сьцьвярджаюць сёньня ў газэце Wall Street Journal супрацоўнікі сэнату ЗША Марк Тысэн ды Іан Бжэзінскі, якія нядаўна адведалі Беларусь.

Беларусь можа вярнуцца на шлях дэмакратыі – пад такім загалоўкам WSJ зьмяшчае падарожныя нататкі двух супрацоўнікаў Камітэту замежных дачыненьняў амэрыканскага Сэнату Марка Тысэна ды Іана Бжэзінскага.

Прыезд у Менск нагадвае врятаньне ў стары СССР. Помнікі Леніну і заснавальніку КГБ Фэліксу Дзяржынскаму усё яшчэ горда ўзвышаюцца на плошчах і вуліцах сталіцы, людзі стаяць у чэргах, поўна міліцыянтаў. Беларусь нават не паклапацілася зьмяніць імя КГБ – як сказаў адзін дыплямат: Беларусь ператварылася ў Парк савецкага пэрыяду.

Аднак брутальнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі цалкам сапраўдная. Апошняе вынаходніцтва рэжыму – зьнікненьні. WSJ згадвае імёны Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і ягонага сябра Анатоля Красоўскага, прыводзіць прыклады шматлікага судовага перасьледу і запалохваньня апазыцыянэраў, таксама згадваюцца суды Міхаіла Чыгіра і Міколы Статкевіча.

Беларусь, пішуць Тысэн і Бжэзінскі, хутка ператвараецца ў Кубу ў Эўропе – хваравітую выспу тыраніі ў рэўгіёне новых і сталых дэмкратычных дзяржаваў. Як на Кубе, уся ўлада сканцэнтраваная у руках лідэра з маніяй велічы, схільнага да шматгаддзінных прамоваў і ірацыянальных выбухаў. Як на Кубе, дзяржава трымае пад кантролем працаўладкаваньне, жыльлё, адукацыю і ахову здароўя. Лукашэнка можа канфіскаваць маёмамасьць паводле ўласнай прыхамаці, ён таксама ўсталяваў 5-гадовае пакараньне турмой за абразу прэзыдэнта. Тысэн і Бжэзінскі адзначаюць, што нават сымболіка пратэстаў на Кубе і ў Беларусі падобныя. Кубінцы, напрыклад, пагладжваюць бараду як намёк на рэпрэсіі Кастра; Менск завешаны наклейкамі з карыкатурамі буйных вусоў і лысіны Лукашэнкі.

Аднак ёсьць адна істотная раозьніца. Пасьля распаду СССР, у Беларусі было 4 кароткія гады дэмакратыі. І за гэтыя чатыры гады грамдзянская супольнасьць у Беларусі пусьціла карані і ня хоча паміраць ціхай сьмерцю. Незалежныя газэты змагаюцца за права выходзіць, нягледзячы на перасьлед, запалохваньні, адвольныя штрафы і арышты. Кіраўніцтва распушчанага Лукашэнкам парлямэнту адмаўляецца надаваць легітмнасьць ягонаму незаконнаму рэжыму, мноства НГО змагаюцца за сваё месца ў грамадзтве.

Нягледзячы на пагрозу дубінак унутраных войскаў, апазыцыя пастаянна зьбірае тысячы людзей на на антыўрадавыя дэманстрцыі. 25 сакавіка сілы бясьпекі зьбілі і разагналі масавую дэманстрацыю, больш за 500 чалавек былі затрыманыя, а 26 красавіка людзі выйшлі на вуліцы зноў.

Усё гэта сьведчыць, што барацьба за дэмакратыю тут урэшце завершыцца перамогай. Беларуская апазыцыя арганізаваная і прыклала намаганьні каб пакінуць убаку ўсе разыходжаньні, каб выступіць адзіным фронтам. WSJ цытуе словы старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі пра ўрокі, якія апазыцыя засвоіла з сэрбскага вопыту, дзе ўнутраная барацьба аслабіла апазыцыю.

На парадку дня апазыцыі, адзначаюць Марк Тысэн і Іан Бжэзінскі, – свабодная, незалежная, арыентаваная на Захад Беларусь, якая разам з суседзямі зойме месца ў Эўрапейскай дэмакртычнай супольнасьці. Лукашэнка, наадварот, зьвязвае надзеі з Усходам. Ён падпісаў саюзную дамову з Масквой. Ён адкрыта змагаўся за пасаду прэзыдэнта Расеі, пакуль Ельцын не перадаў уладу Пуціну.

Крах крамлёўскіх мараў Лукашэнкі дае Захаду магчымасьць уратаваць беларускую дэмакратыю і незалежнасьць. Аднак дагэтуль, нягледзячы на гераічную працу амэрыканскай амбасады ў Менску, заходнія сталіцы – у тым ліку Вашынгтон – не зьвярталі ўвагі на спаўзаньне Беларусі да тыраніі.

Гэта грубая памылка. Дазволіць Маскве паглынуць незалежную дзяржаву азначае толькі падагрэць яе апэтыт да аднаўленьня старых савецкіх межаў, стварыць дэстабілтзуючы прэцэдэнт для іншых новых дэмакратычных дзяржаваў рэгіёну – Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Навязваньне расейскае гегемоніі ў Беларусі таксама пашкодзіць дэмакратыі ў Расеі.

Больш блізкая пагроза – ператварэньне Беларусі ў падстаўную дзяржаву для расейскіх зьдзелак з краінамі кшталту Іраку і Ірану, калі б Беларусь займалася бізнэсам з гэтымі краінамі, а Масква заставалася б фармальна убаку. Гэта ўжо адбываецца. WSJ спасылаецца на публикацыю ў ангельскай Sunday Telegraph, дзе паведамлялася пра кантракт мадэрнізацыі супрацьпаветранай абароны на 90 млн. даляраў, які Беларусь заключыла з Іракам. Такмі чынам павялічваецца магчымасьць Іраку атакаваць амэрыканскія самалёты, што кантралююць зону, забароненую для палётаў у Іраку.

Што можа зрабіць Захад, пытаюцца Марк Тысэн і Іан Бжэзінскі. І адказваюць: дапамагчы апанэнтам Лукашэнкі прарваць інфармацыйную блякаду шляхам падтрымкі незалежных газэтаў і павелічэньня радыёвяшчаньня. Аказваць прамую падтрымку апазыцыі у той самы спосаб, як дапамагалі некалі “Салідарнасьці” ў Польшчы. Захад павінен не прызнаваць легітымнасьць рэжыму і не прызнаваць пагадненьні, падпісаныя рэжымам – у тым ліку і саюзную дамову з Расеяй.

На жаль, большасьць эўрапейскіх краінаў занялі ганебную пазыцыю прызнаньня рэжыму. Нямеччына і Італія нават прынялі дзеля выкарыстаньня у якасьці дыпляматычных рэзыдэнцыяў маёмасьць, сканфіскаваную ў арштаванага дысыдэнта, які сядзіць у турме.

Заходняя прысутнасьць павінна быць прывязаная да канкрэтных рэформаў, уключна з вызваленьнем палітвязьняў, поўнай справаздачы у справе зьніклых людзей, свабодных і справядлівых выбараў.

І ў рэшце рэшт, заходнія саюзьнікі павінны прымусіць Расею паважаць незалежнасьць Беларусі як умову ўзаемадачыненьняў з Захадам. Расейскі спрактыкаваны і напорысты новы пррэзыдэнт будзе імкнуцца скарыстаць з тае шкоды, якую нарабіў сувэрэнітэту Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Калі гэтае памкненьне ня будзе спыненае, Захаду наканавана мець справу з таталітарнай дзяржавай – сатэлітам Расеі на мяжы НАТА

Пераклаў

Аляксандар Лукашук


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org