RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 5 Траўня 2000

Сёньня:



(эфір 6 траўня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

На мінулым тыдні стала вядома, што Міністэрствам працы на травень зацьверджаны новы памер мінімальнага спажывецкага бюджэту. Ён вызначаны ў сярэднім коштам 36.238 рублёў.

Чым выкліканае такое рашэньне? Найперш падвышэньнем цэнаў на спажывецкія тавары. Гэтак, паводле зьвестак Фэдэрацыі прафэсійных саюзаў, з 20 сакавіка па 20 красавіка кошт толькі харчовага кошыка падвысіўся ў цэлым па краіне на 5,5 адсоткі, а ў Віцебскай вобласьці – на ўсе 9 адсоткаў. Самым дарагім горадам на харчовыя прадукты застаецца Менск. Тут харчовы кошыў дасягнуў амаль 24 тысячаў рублёў.

А заробкі не пасьпяваюць за ростам спажывецкага бюджэту. Шмат хто атрымлівае заробкі, значна ніжэйшыя за гэты ровень. Гэта ня толькі 700 тысячаў калгасьнікаў і рабочых саўгасаў, але і ўсе лекары, працаўнікі адукацыі, мастацтва, культуры, гандлю.

Увядзеньне новага памеру мінімальнага спажывецкага бюджэту адлюстроўвае пагаршэньне становішча пэнсіянэраў. Бо новы ровень перавышае памеры пэнсіяў. Дастаткова сказаць, што мінімальная пэнсія сёньня складае каля 6.000 рублёў, а максімальная працоўная пэнсія – 24.000 рублёў (і гэта – пры максімальным стажы).

Праўда, зь 1 траўня падвышаныя пэнсіі ўдзельнікам вайны ды інвалідам. Але такіх пэнсіянэраў становіцца ўсё меней. У Віцебскай ды Магілеўскай абласьцях іх засталося па 19.000 асобаў, а ў цэлым па краіне – каля 150 тысячаў.

Тым ня меней, пэнсійны фонд, як заявіла міністар сацыяльнай абароны Вольга Даргель, адчуў з гэтае нагоды перагруз. Зараз для выплаты пэнсіяў штомесяц патрэбна 58 млрд. рублёў, сабраць якія вельмі цяжка. Асабліва ва ўмовах, калі запазычанасьці ў адлічэньнях у сацыяльны фонд дасягнулі 5 млрд. рублёў і працягваюць расьці. Сельская гаспадарка, напрыклад, спыніла такія адлічэньні. Таму на сёньня запас сродкаў сацыяльнага фонду складае суму, якой хопіць усяго на 16-17 дзён, а для рэгулярнай выплаты пэнсіяў трэба, каб запас быў на 6 месяцаў.

У мінімальным спажывецкім бюджэце вызначаныя і выдаткі на дзяцей. Так, на ўтрыманьне хлопчыкаў і дзяўчынак у веку ад 3 да 6 гадоў патрэбна штомесяц па 33.000 рублёў. Бальшыня маладых сем’яў такія выдаткі дазволіць сабе ня можа. Няпэўныя надзеі і на дзяржаўную дапамогу. Міністэрства сацыяльнай абароны атрымлівае мноства скаргаў на масавыя затрымкі выплатаў на ўтрыманьне дзяцей.

Супрацоўніца Фонду сацыяльнай абароны Ларыса Капыльская раіць маладым бацькам зьвяртацца непасрэдна ў фонд з канкрэтнымі заявамі. Але гэтыя заявы павінны быць спраўджаныя на месцах камісіямі й зарэгістраваныя. На гэта патрэбныя цярпеньне й вялікі час.

Уладзімер Кулажанка, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org