RFE/RL |
Пятніца, 5 Траўня 2000 |
Сёньня |
Артыкул “Рух кантынэнту”, апублікаваны ў апошнім нумары брытанскага часопісу Ekonomist, прысьвечаны прабемам міграцыі ў Эўропе. Галоўная думка артыкулу, вынесеная ў падзагаловак, – “Замежнікі цякуць ў Эўразьвяз ў пошуках працы. Іх часта бэсьцяць, але яны ўсе больш неабходныя”. Артыкул пачынаецца з аповяду пра сотню сэзоных працаўнікоў, якія ў Лінкальншыры зьбіраюць веснавую цыбулю для брытанскіх супэрмаркетаў. Але сярод іх, – адзначае аўтар, – няма мясцовых жыхароў, нанятых ў навакольных вёсках. Гэта – маладыя латышы, украінцы, літоўцы, палякі, чэхі, расейцы і беларусы – маленькая частка з 10 тысячаў сэзоных рабочых, якія прыбываюць кожны год ў межах брытанскага закону пра імпарт працоўнай сілы. Брытанскі ўлад дазваляе гэтым мігрантам знаходзіцца ў краіне толькі з красавіка па лістапад. Але пад час гэтага тэрміну, нават атрымліваючы мінімальны фэрмерскі заробок, яны зарабляюць больш, чым могуць ўявіць сабе на радзіме нават ў марах. Яны жывуць ў вагончыках ў полі каля фэрмы, начное жыцьцё абмяжоўваецца гульней ў бінга ў вясковым клюбе. Але яны выглядаюць шчасьлівымі. Фэрмеры таксама задаволеныя. Яны, паводле Ekonomist, гавораць: “Усходнеэўрапейскія работнікі ня танныя, але яны працуюць старанна і якасна. Мясцовая моладзь ня хоча працаваць на фэрме, яны аддаюць перавагу працы ў бары ці ў краме”. Сотні ангельскіх фэрмаў наймаюць ўсходнеэўрапейскіх працаўнікоў для выкананьня працы, на якую яны ня могуць знайсьці мясцовых працаўнікоў – адзначае Ekonomist. Некаторыя выкарыстоўваюць парадак афіцыйных працоўных дазволаў. Але іншыя зьвязваюцца з адмысловымі фірмамі, якія наймаюць замежных рабочых. Частку зь іх наймаюць нелегальна, яны трапляюць ў краіну праз сетку каналаў, гаспадары якіх маюць неблагі прыбытак ад імпарту працаўнікоў. Далей часопіс малюе карціну працоўнай міграцыі па ўсёй Заходняй Эўропе: “Мараканцы зьбіраюць таматы і перац ў паўдзённа-ўсходняй Гішпаніі. Палякі вырошчваюць гародніну ў Нямеччыне. Сікхі з індыйскай правінцыі Пенджаб вырошчваюць фрукты ў Бельгіі, расейцы зьбіраюць ўраджай ў Ірляндыі. Шмат эўрапейцаў давяраюць замежнікам выхоўваць іх дзяцей, прыбіраць іх кватэры і гатаваць іх піццу”. Ekonomist адзначае, што зараз Эўропа, ў прыватнасьці, краіны Эўразьвязу, знаходзяцца перад сур’ёзным выклікам. Паколькі эканоміка квітнее, а насельніцтва старэе, краіны-сябры вымушаныя падвышаць колькасьць замежнікаў. Па прагнозах, калі колькасьць працаздольнага насельніцтва Нямеччыны застанецца такой як зараз яшчэ 50 гадоў, ў гэтай краіны будзе патрэба ўвозіць 487 тысячаў дадатковых працаўнікоў кожны год, а Эўразьвязу ў цэлым – больш за паўтара мільёны. Калі ж дэмаграфічны балянс пагоршыцца, неабходная плынь дадатковых рабочых рук павялічыцца амаль да 4 млн. чалавек ў год для Нямеччыны і да 13 з паловай мільёнаў чалавек – для ЭС ў цэлым. Гэтыя разьлікі зробленыя, зразумела, пры ўмове, што агульныя эканамічныя тэндэнцыі захаваюцца. Але пры любых варунках зразумела: калі колькасьць працаздольнага насельніцтва памяншаецца, а эканоміка на пад’ёме, колькасьць добра аплочваемых працоўных месцаў расьце. Палітыкі спрабуюць адрэагаваць на гэты сацыяльна-эканамічны выклік. Канцлер Нямеччыны Гэрхард Шродэр абвесьціў пра намер запрасіць зь ліпеня гэтага года на працу ў Нямеччыну 20 тысячаў праграмістаў з Індыі ды Ўсходняй Эўропы. Урад Ірляндыі мае намер запрасіць 200 тысячаў кваліфікаваных спэцыялістаў на працягу 7 гадоў. Нават Брытанскі ўрад мае намер спрасьціць працэдуру атрыманьня дазволаў на працу, каб прыцягнуць высокакваліфікаваных замежных спэцыялістаў. У лютым міністар працы Гішпаніі патлумачыў запрашэньне некваліфікаваных замежных працаўнікоў наступным чынам: “Нам патрэбныя людзі, каб рабіць працу, якую гішпанцы больш рабіць ня хочуць”. Але, падкрэсьлівае аўтар артыкулу “Рух кантынэнту”, шмат якія са звычайных эўрапейцаў ня ў стане ацапніць сытуацыю. Хваля антымігранцкіх пачуцьцяў ахоплівае кантынэнт: супраць мусульманскіх ўцекачоў ў Брытаніі, супраць замежных рабочых ў Нямеччыне, супраць мігрантаў наогул ў Аўстрыі. Гэтыя хвалі выкарыстоўваюць палітыкі, зарыентаваныя на галасы нацыяналістычнага электарату. Ekonomist зьвяртае ўвагу на фэномэн так званай “другаснай іміграцыі, ён прыводзіць прыклад Брытаніі, ў якой ў 1997 годзе амаль 80% з тых, хто атрымаў дазвол на сталае знаходжаньне, былі жонкі і дзеці тых, хто ўжо жыў ў краіне. Большасьць краінаў ЭЗ трымаюць, так бы мовіць, дзьверы зачыненымі для
першаснай іміграцыі, для людзей, якія маюць намер прыехаць на працу ў Зьвяз,
застацца на сталае жыхарства і прывезьці сям’ю.
Паводле дадзеных міжнароднага Цэнтру міграцыі ў Вене, у краіны Эўразьвязу кожны год патрапляе каля паўмільёна нелегальных мігрантаў. Аднак гэтыя лічбы могуць ўвесьці ў зман – адзначае Ekonomist і тлумачыць, – “Пасьля падзеньня Бэрлінскага муру ў Эўропе зьявіўся новы тып мігрантаў, якіх называюць “працоўнымі турыстамі” ці “няпоўнымі імігрантаміі”. Гэтая катэгорыя людзей не трапляе ў традыцыйныя клясыфікацыі. Гэтыя людзі могуць езьдзіць туды і сюды праз мяжу Зьвязу, зарабляючы грошы для сваіх сем’яў ва Ўсходняй Эўропе. Яны знаходзяцца ў краінах Зьвязу толькі некалькі тыдняў запар, потым едуць дадому, але ў хуткім часе ізноў вяртаюцца, і большую частку года праводзяць ў Заходняй Эўропе. “Уяўленьне пра гэтую новую зьяву – піша брытанскі часоўпіс - дапамагае
зразумець прароду будучых міграцыйных патокаў”.
Тым ня менш страх перад мігрантамі ўплывае на палітычны клімат ў Эўропе. У артыкуле прыгадваецца посьпех на выбарах ў Аўстрыі ксэнафобскай партыі Свабоды Йорга Гайдэра, а таксама посьпех на муніцыпальных выбарах ў Італіі апазыцыйнае партыі Сільвіё Берлусконі, праграма якой ўтрымлівае выразныя антымігранцкія тэзы. Нават прапанова канцлера Нямеччыны Шродэра запрасіць праграмістаў з Індыі выклікае крытыку. “Дзеці замест індусаў” – пад такім лёзунгам ідзе на выбары губэрнатара зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія прадстаўнік ХДП Ёрген Рудэрс. Аўтар Ekonomist заканчвае свой артыкул словамі міністра замежных справаў Польшчы Браніслава Герэмека: “Будзе будучыня Эўразьвязу пабудаваная на даверы ці на страху – гэта галоўнае пытаньне, ад якога залежыць захаваньне Эўразьвязу наогул”. Юры Дракахруст
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |