RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 5 Траўня 2000

Сёньня:



Візыт “тройкі” АБСЭ завершыўся выніковай прэсавай канфэрэнцыяй у Нацыяльным прэс-цэнтры. Эўрапейскія пасланьнікі ўразілі журналістаў выразнасьцю сваіх выказваньняў і канкрэтнымі патрабаваньнямі ад беларускіх уладаў.

“Задача нашае місіі – данесьці палітычнае пасланьне, што рашэньне мусіць быць знойдзена з рэальным удзелам усіх, як ураду, гэтак і апазыцыі”, – гэтак гаворыцца ў падрыхтаваным мэмарандуме прадстаўнікоў “тройкі”.

На прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік дэлегацыі аўстрыец Вальтэр Зыгль адзначыў, што ўлада мусіць прыкладаць трывалыя намаганьні, каб стварыць у Беларусі клімат даверу. “Дыялёг мусіць быць рэальным і значным. Ён павінен прывесьці да пераменаў, а ягоныя ўдзельнікі могуць мець паўнамоцтвы прымаць рашэньні й выконваць іх”, – падкрэсьліў спадар Зыгль.

Ён вызначыў чатыры сфэры, у якіх беларускія ўлады мусяць ажыцьцявіць сур’ёзныя зьмены. Гэта Выбарчы кодэкс, доступ апазыцыі да дзяржаўных мас-медыяў, найперш электронных, правы чалавека й паўнамоцтвы будучага парлямэнту.

Бадай, упершыню пад час шматлікіх візытаў у Менск эўрапейцы ўвязалі разам усе гэтыя пытаньні, што, напэўна, стала непрыемным сюрпрызам для беларускіх уладаў, якія, магчыма, спадзяваліся адкупіцца ад Эўропы зьменамі ў Выбарчым кодэксе.

У эксклюзіўным інтэрвію для нашага радыё спадар Зыгль адказаў на маё пытаньне, як ягоныя суразмоўцы з уладнага боку рэагавалі на прапанову аб пашырэньні правоў парлямэнту.

(Зыгль: ) “Не, я не магу паведаміць вам, што вось была такая рэакцыя, якая дала б надзею, што ў бліжэйшай будучыні будуць зьмены ў Канстытуцыі. Яны спасылаліся на неабходнасьць рэфэрэндуму ды іншыя складаныя працэдуры. Але мы не пакінулі тут аніякіх сумневаў, што гэта вельмі важнае пытаньне, і што парлямэнт у дэмакратычных краінах мусіць мець функцыі сапраўднага парлямэнту. Гэта азначае, ЁН мусіць прымаць заканадаўства, а не выканаўчая ўлада. Гэта сутнасьць падзелу ўладаў. І гэта нашае пасланьне было добра зразуметае”.

Спадар Зыгль таксама ў нашай размове адзначыў, што беларускія ўлады, прынамсі, павінны выконваць ужо існуючыя законы сваёй краіны. У якасьці прыкладу ён спаслаўся на знакамітыя палітычныя судовыя справы, калі праваахоўныя ворганы парушалі беларускія законы. І гэта адно з тых пытаньняў, “якое стане важным крытэрыям у дылеме, ці дасылаць на выбары назіральнікаў”, – пакрэсьліў кіраўнік дэлегацыі “тройкі” спадар Зыгль.

На прэсавай канфэрэнцыі Вальтэр Зыгль выразна падкрэсьліў, што АБСЭ ня будзе дасылаць сваіх назіральнікаў на выбары, калі не заўважыць прагрэсу ва ўсіх вышэйпазначаных сфэрах. І ў інтэрвію для нашай праграмы спадар Зыгль патлумачыў, як будзе прымацца гэтае рашэньне…

(Зыгль: ) “Я мяркую, тут будзе дзьве стадыі. На першай, напэўна, у чэрвені адбудзецца, скажам так, тэхнічная канфэрэнцыя, каб вызначыць, ці быў дасягнуты дастатковы прагрэс на шляху да рэальнага дыялёгу й паляпшэньня палітычнага клімату. Гэтую маніторынгавую працу штодзённа праводзіць група пад кіраўніцтвам спадара Віка разам з уладаю і апазыцыяй.

Другая стадыя – гэта ўжо прыняцьцё фармальнага рашэньня, магчыма, на прыканцы жніўня”, – паведаміў нашай праграме кіраўнік дэлегацыі тройкі Вальтэр Зыгль.

Зрэшты, ня выключанае яшчэ адное рашэньне, пра якое коратка было ўзгадана на прэсавай канфэрэнцыі. Гэта – магчымы перанос парлямэнцкіх выбараў на вясну наступнага году.

Апазыцыя лічыць, што пасьля прызначэньня даты выбараў і сумеснага прыняцьця іхных правілаў на перадвыбарчую кампанію трэба пакінуць ня менш як 6 месяцаў.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org