RFE/RL |
Чацьвер, 4 Траўня 2000 |
Сёньня |
“Наступным разам, калі вам давядзецца трымаць у руках новую 20-даляравую купюру, уважліва паглядзіце на лічбу “20” , што ў верхнім кутку купюры справа ад партрэту прэзыдэнта”, – раіць у сваім апошнім нумары часопіс Ekonomist. Крыху павярніце купюру і назірайце за эфэктам зьмены колеру “дваццаткі”. Нагадаю, гутарка ідзе пра лічбу “20”, надрукаваную ў правым верхнім кутку купюры. Калі глядзець на яе проста зьверху, яна выглядае зялёнай. Калі вы крышку павернеце купюру, дык лічба будзе выглядаць чорнай. Прынамсі, павінна так выглядаць, бо калі такога эфэкту не назіраецца, у вашых руках – несапраўдныя даляры. Падобная фарба, якая зьмяняе колер у залежнасьці ад вугла позірку, даволі часта выкарыстоўваецца і для выпуску іншых валютаў ва ўсім сьвеце. Гэта адзін зь вядомых спосабаў падвысіць ступень бясьпекі грашовых знакаў ды іх ахову ад падробак. Зьмены колеру ёсьць уласьцівасьцю выключна друкарскай фарбы і таму, напрыклад, пры капіяваньні грошай нават самым дасканалым ксэраксам, капіюецца толькі сам колер і малюнак, але не пераносіцца аптычны эфект. Адпаведны пігмэнт для друкарскай фарбы, які забясьпечвае такі эфэкт, выраблены фірмай Flex Products of Santa Rosa з Каліфорніі. Пачынаючы ад траўня, з выкарыстаньнем падобнай фарбы будуць друкавацца і даляравыя “дзесяткі”, а таксама грашовыя знакі “эўра”. Аднак, як вядома, спэцыялісты падробак маюць справу ня толькі з грашовымі знакамі. Фірма Flex мяркуе, што дзякуючы тэхналёгіі, якая прымушае колеры мяняцца, увогуле больш складаным стане ажыцьцяўляць падробкі дакумэнтаў. На сустрэчы навукоўцаў-дасьледчыкаў структуры матэрыялаў, што прайшла на мінулым тыдні ў Сан-Францыска, прадстаўнік кампаніі Flex Крыстафер Лантман распавёў пра некаторыя прынцыпы, на якіх грунтуецца эфэкт так званай абараняльнай фарбы. Гэта той самы аптычны эфэкт, які ўтвараецца, калі на паверхні вады разьліваецца, скажам, нафта. Сьвятло ў такім выпадку адбіваецца ад дзьвюх паверхняў – ад паверхні нафты і ад паверхні вады, што пад ёй. Калі два промні сьвятла адбіліся ад гэтых розных паверхняў, яны падарожнічаюць далей крыху па іншых дыстанцыях. А паколькі сьвятло ўяўляе сабой электрамагнітную хвалю, то пікі і падэшвы кожнай хвалі ўзьдзейнічаюць і ўплываюць адна на другую. Дыстанцыя, на якой знаходзяцца два промні, уплывае на больш сьветлы ці больш цёмны тон адлюстраваньня, якім мы яго бачым. Гэты прынцып вядомы больш як сто гадоў, аднак толькі ў самы апошні час кампаніі пачалі яго актыўна выкарыстоўваць. Справа ў тым, што неабходна было навучыцца кантраляваць колеравыя эфэкты і ствараць іх паводле свайго жаданьня. Такую магчымасьць далі новыя высокаякасныя і даступныя па цане лазеры, тэхніка і інструмэнты, якія дазволілі вывучаць паводзіны матэрыялаў ва ўмовах вакууму. Як мяркуюць спэцыялісты, гэты эфэкт будзе яшчэ больш дзейсным пры вырабе пэрсанальных плястыкавых картак, якія падрабіць стане амаль немагчыма. На сустрэчы ў Сан-Францыска спадар Лантман прадэмастраваў некатрыя іншыя ўзоры, зробленыя на замовы розных фірмаў. Гэта пэрсанальныя пасьведчаньні, крэдытныя карткі высокай ступені абароны і, нават, непадрабляльныя этыкеткі, якімі будуць забясьпечвацца дарагія тавары і адзеньне. Такім чынам, гэтыя дрэнныя навіны для падробшчыкаў паведаміў у сваім апошнім нумары часопіс Ekonomist. Алена Ціхановіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |