RFE/RL |
Чацьвер, 4 Траўня 2000 |
Сёньня |
Прынятая ўчора Палатаю прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адмысловая рэзалюцыя ў справе Беларусі – дакумэнт, які можа йстотна паўплываць на далейшыя ўзаемныя стасункі Злучаных Штатаў і Беларусі. А што думаюць пра ўхваленую амэрыканскімі кангрэсмэнамі рэзалюцыю беларускія палітыкі? Прынятая Палатаю прадстаўнікоў Кангрэсу адмысловая рэзалюцыя ў справе Беларусі ня стала нечаканасьцю для беларускіх палітыкаў. Пракамэнтаваць гэтую падзею я папрасіў віцэ-сьпікера гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” і чалавека, блізкага да Аляксандра Лукашэнкі – Ўладзімера Канаплёва… (Канаплёў: ) “Я Палаце Прадстаўнікоў раю ня ўмешвацца ў справы нашае сувэрэннае дзяржавы, няхай лепш навядуць парадак у сваёй хаце. Яны па нас шмат чаго прымалі раней, і я лічу, што гэта – чыста палітычная неабдуманая ініцыятыва, на якую прадстаўнікоў Кангрэсу штурхаюць пэўныя апазыцыйныя сілы ў нашай краіне. Вы ўявіце, якія б былі наступствы для Злучаных Штатаў Амэрыкі, калі б мы прынялі рэзалюцыю пра тое, што яны дрэнна абыходзяцца з нэграмі ці зь індзейцамі – загналі іх у рэзэрвацыі. Аніякіх наступстваў ня будзе, што яны могуць нам зрабіць? Мы йдзем на наступныя выбары ўвосень, самыя дэмакратычныя выбары, якія будуць праведзеныя ў Рэспубліцы Беларусь за апошнія гады”, – паведаміў нашаму радыё спадар Канаплёў. У лідэраў беларускай апазыцыі кардынальна іншы погляд на тую падзею, што адбылася ўчора на Капіталійскім узгорку ў Вашынгтоне. Гаворыць лідэр АГП й дэпутат Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька: (Лябедзька: ) “Дакумэнт – палітычнага зьместу, але натуральна, што наступствы яго будуць ня толькі палітычныя, але і экананмічныя, і зьвязаныя з тымі рэшткамі іміджу, якія яшчэ былі ў рэжыма Лукашэнкі на міжнароднай арэне. Я думаю што час, калі прынятая гэтая рэзалюцыя, – ён таксама вельмі істотны. Зараз ідзе дыскусія, ці будзе рэжым і асабіста Лукашэнка выконваць тыя міжнародныя абавязкі, якія ён на сябе ўзяў пад час саміту ў Стамбуле. І я думаю, што якраз Кангрэс Злучаных Штатаў Амэрыкі найбольш пасьлядоўна адстойвае гэтую пазыцыю. Я не выключаю, што зараз будзе нейкая хваля антыамэрыканскіх заяваў на ўзроўні Масквы – Дзяржаўнай Думы, іншых публічных палітыкаў – але калі справа дойдзе да канкрэтнага вырашэньня канкрэтных пытаньняў, дык я думаю, што Масква павінна будзе ўлічваць наступствы гэтае рэзалюцыі”. – лічыць спадар Лябедзька. А вось думка старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі… (Вячорка: ) “Тое, што рэзалюцыя, прайшоўшы ўсе папярэднія інстанцыі ўхваленая Кангрэсам, вельмі важны крок дзеля стварэньня спрыяльнага міжнароднага клімату вакол пытаньня вяртаньня дэмакратыі і абароны незалежнасьці Беларусі. Па-першае, ясна сьцьвярджаецца, што ў цяперашнім кантэксьце немагчымыя ніякія дэмакратычныя выбары ўвосень. Гэтая пазыцыя Злучаных Штатаў павінна паўплываць і на эўрапейскія краіны. І добра, што тэкст прыняты напярэдадні прыезду сюды эўратройкі. Другі момант – у гэтым дакумэнце ўпершыню ў найноўшай гісторыі міжнародных дачыненьняў Беларусі адназначна сьцьвярджаецца, што Расея нясе віну за кансэрвацыю рэжыму Лукашэнкі, і адназначна сьцьвярджаецца, што замахі на незалежнасьць Беларусі ёсьць пагражальныя для раўнавагі, для дэмакратычных, мірных працэсаў у нашым рэгіёне. Каштоўнасьць дакумэнту якраз у тым, што дзьве справы – незалежнасьць Беларусі і аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі – завязваюцца ў адно цэлае”. Вы чулі камэнтар да рэзалюцыі ў справе Беларусі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША лідэра партыі БНФ Вінцука Вячоркі. Альгерд Невяроўскі, Менск (Тэкст рэзалюцыі, а таксама інтэрвію з ініцыятарам яе прыняцьця,
кангрэсмэнам Сэмам Гейдэнсанам ды іншыя прынагадныя матэрыялы чытайце ў
адмысловым разьдзеле “Рэзалюцыя Кангрэсу ЗША” у разьдзеле “Што новага”
на галоўнай старонцы сайту)
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |